Лявон Вольскі: Чаму навучылася ўлада?
Палітычнага пераследу ў беларускай дзяржаве няма і быць не можа — ён нават у законе не прапісаны. А турмах сядзяць не палітвязні — а крымінальнікі. А яшчэ сілавікі навучыліся праяўляць вандалісцкую творчасць! Лявон Вольскі пра новыя «метады ўздзеяння» ўлады на грамадства.
Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org разважае пра новыя захады ўлады што да нязгодных.
«Не, чаго б хто ні казаў, а ўлада вучыцца. Асвойвае новыя метады, новыя тэхналогіі. Вось яшчэ 20-25 гадоў таму яна лічыла, што лепшы спосаб пазбавіцца палітычнага апанента – гэта папросту ліквідаваць яго (Ну, а як вы хацелі? Гэта стары правераны падыход – «няма чалавека – няма праблемы). І гэтак і рабіла. Але тут узнікае процьма складанасцей – міжнародны розгалас, усялякія незалежныя расследаванні, раптоўнае ўзнікненне сведкаў (а яшчэ і выканаўцаў!). Гэта непрыемныя рэчы, якія ўскладняюць жыццё і кіраванне краінай. Таму, відаць, нехта збоку нашаптаў: «Прасцей пасадзіць!».
І праўда — пасадзіш па крымінальным артыкуле, і ты ўжо чысты і светлы, маўляў, якія палітвязні?! Гэтыя людзі чысцейшай вады ўгалоўнікі, адбываюць заслужанае пакаранне. Калі хто не ведаў, у нашым крышталёвым сасудзе ёсць закон, і ён для ўсіх адзін. Парушыў закон — атрымай вырак! Вось яны і атрымалі! Так што адчапіцеся і не лезьце са сваімі гейрапейскімі законамі ў наш праваслаўна-атэісцкі манастыр! А палітычнага пераследу ў нашай дзяржаве няма і быць не можа. Ён нават у законе не прапісаны.
Гэтая прагрэсіўная схема працуе. Раней бы пасля пратэстаў 2020-га пара тысячаў чалавек проста знікла б (дзяржмедыя казалі б, што яны ўцяклі на Захад і цяпер па Бруклінах і Соха свае здрадніцкія гамбургеры дагрызаюць — тыя, што набылі за 30 срэбнікаў), а цяпер ніхто нідзе не знікае, дакладней, знікаюць, але ўжо ў нетрах роднае беларускае пенітэнцыярнае сістэмы.
У тым сэнсе, што лісты не даходзяць, перадачы не прымаюцца, інфармацыя адсутнічае. Але недзе там, сярод турэмных муроў, яны, нібыта, ёсць. І там ім, гледзячы па ўсім, зусім нядобра — пакуль ідзе следства, яны існуюць у адмыслова перапоўненых камерах, у задусе ці то холадзе, з кепскім харчаваннем і без падушак, матрасаў ды бялізны. Калі ж іх этапуюць у асноўнае месца адбыцця пакарання — то-бок, у якуюсьці калонію, дык там ім клеяць на робу жоўтую зорку Давіда… ой, прабачце, памыліўся, жоўтую бірку, якая дэманструе ўсім навокал, што перад імі — “палітычны”, схільны да ўсяго самага благога ды падступнага. А далей — увесь магчымы турэмны прэсінг. Вечныя правіны — кепска пагаліўся, не павітаўся, і ў выніку — ШІЗА, ПКТ…
Гэта робіцца, каб чалавек пасля так званага “адбыцця пакарання” і думаць не мог пра нейкую нязгоду ды пратэсты. Каб пры думцы пра турму ў РБ ім апаноўваў такі жах, што ён бы не быў здольны ані хадзіць, ані гаварыць, адно толькі калаціўся ад страху. Якія там ужо пратэсты!
І, паверце, часцяком так і здараецца. Выходзіць чалавек з вязніцы і адразу з’язджае. Ці то застаецца і існуе ціхамірным нябачным для большасці жыццём. Залягае на дно.
Улада вучыцца. Сталее. Навошта фізічна знішчаць апанента, калі можна правесці ў яго ператрус? Ператрус — гэта магутная магчымасць паўздзейнічаць на асобу. Можна па-рознаму афармляць гэты ператрус. Можна ўварвацца праз гаўбец, разбіўшы пры гэтым шыбы. Прыгожа, як у фільмах! Асабліва добра гэты захад уздзейнічае на малых дзяцей, яны нават могуць пачаць заікацца. Няхай тады бацькі падумаюць — ці займацца апазіцыйнай дзейнасцю надалей?
Можна выбіць дзверы ды ўварвацца групай захопу пры поўным узбраенні — з аўтамацікамі-маскамі-кайданкамі і ўсім неабходным. Добра ўздзейнічае на дзяўчатаў і жанчын.
У іхнае памяці назаўсёды застанецца гэты кадр: ты ляжыш у ложку пад коўдраю ў халодным жаху і сутаргава спрабуеш не даць сцягнуць з цябе гэтую коўдру дзясятку ўзброеных да зубоў напампаваных салдафоністых дзядзек.
Урэшце, калі чалавек асабліва назаляе ўладзе, можна заняцца ў ягонай кватэры вандалізмам — панішчыць-паламаць мэблю, пакідаць аб сцены слоікі з леташнім сочывам, каб атрымаліся прыгожыя пісягі на сценах. Зламаць старую гітару (відаць, гэты інструмент дарагі ўладальніку кватэры, дык атрымай фашыст гранату!), падзерці на дробныя кавалачкі архіўныя здымкі, панішчыць дыпломы ў рамках, што віселі на сценах. Урэшце, паздзіраць кавалкі шпалераў і паадкалупваць паркет. Карацей, можна праявіць вандалісцкую творчасць!