«Палітвязні для іх як чырвоны маркер». Лявон Вольскі — пра прызнанне яго канала «экстрэмісцкім»

Тэлеграм-канал «Лявон Вольскі» прызнаны «экстрэмісцкім» рашэннем Лідскага раённага суда 28 лістапада. Ён ужо ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Музыка дапускае, што лукашэнкаўцы такім чынам адказалі на яго працу над альбомам пра палітвязняў і пасты на гэту тэму, распавядае выданне «Наша Ніва».

Фота: Yury Sidun

Фота: Yury Sidun

«Дзіўна было б, каб не далучылі, — кажа музыка. — Мы ўжо даўно чакалі. Усіх падалучалі, а з намі ўсё марудзілі».

Прызнанне тэлеграм-канала «экстрэмісцкім» не паўплывае на творчасць, запэўнівае Лявон Вольскі.

Музыка раней анансаваў, што працуе над альбомам «Лісты палітвязням».

«Палітвязні для іх як чырвоны маркер. Яны хочуць, каб усе маўчалі. Нібы гэтай зʼявы няма, бо непрыемна ў міжнародным сэнсе. Усе ж ведаюць, што ў Беларусі такая колькасць палітзняволеных. Яны шантажыруюць сваякоў, каб не распавядалі нічога, што адбываецца са зняволенымі. А тым часам проста ламаць людзей у ПКТ і ШІЗА. Таму на гэта і рэагуюць вельмі балюча», — каментуе Лявон Вольскі.

Ён кажа, што цяпер будзе заклікаць падпісчыкаў адпісвацца ад канала, бо гэта небяспечна.

«Гэта як латарэя. Як калі выпраўляешся праз мяжу: можаш праехаць, а можаш і не. Такая цяпер беларуская рэчаіснасць: страшна абсурдная, нечалавечая», — падкрэслівае музыка.


Глядзіце таксама

На пытанне, ці зʼявіцца ў рэпертуары музыкі песня аб прызнанні яго тэлеграм-канала пагрозай для рэжыму Лукашэнкі, адказвае: «Калі пісаць пра тое, то ў стылі грамадска-палітычнага кабарэ. Гэта такія куплета на злобу дня».

«Да жалю, такі жанр не прыжыўся ў Беларусі, як тая ж нармальная палітычная карыкатура ці коміксы. Шкада, што ім мала хто займаецца. Такі жанр папулярны ў Нямеччыне ды Польшчы, напрыклад», — дадае ён.

Песні Лявона Вольскага ў спакайнейшыя часы выкарыстоўвалі актывісты БРСМ для сваіх акцый. На іх гучалі «Тры чарапахі», «Простыя словы». Часта бралі «Гасцей» «Крамбамбулі».

«Але цяпер гэта немагчыма, — кажа Лявон Вольскі, — бо ёсць бетонны чорны спіс, на якім чотка адчаканены імёны, прозвішчы і назвы песень, ад якога нельга ні на міліметр адысці».