“Дэкрэт аб дармаедах” практычна гатовы на подпіс Лукашэнку

Урад лічыць, што кожны грамадзянін павінен кампенсаваць выдаткі дзяржавы на сацыяльную сферу.



957381303czynfotolia715_0.jpg

Дэкрэт аб стымуляванні занятасці грамадзян, больш вядомы як “дэкрэт аб дармаедах” у бліжэйшы час пададуць Аляксандру Лукашэнку. Як паведаміла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” намесніца прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава, дакумент “практычна ў стадыі завяршэння”.

На думку Качанавай, многія грамадзяне недаацэньваюць таго, што дзяржава робіць у сацыяльнай палітыцы і кожны беларус павінен удзельнічаць у кампенсацыі выдаткаў у гэтай сферы.

Сярод іншага, намесніца кіраўніка ўраду адзначыла, што на сёння не разглядаецца пытанне аб павелічэнні пенсійнага ўзросту. З яе словаў, сітуацыя з пенсіямі пакуль “не крытычная, яна пад кантролем”, цытуе Наталлю Качанаву БЕЛТА.

Размова пра ўвядзенні адказнасці для працаздольных грамадзян, якія афіцыйна нідзе не занятыя, пачалася яшчэ ў 2013 годзе. Але да прыняцця нарматыўнага акта, паводле якога “дармаедаў” будуць пераследваць, дайшло толькі цяпер. Пакуль невядома, кого менавіта залічыць у “дармаеды” і якім чынам іх будуць караць. Раней міністр падаткаў і збораў Беларусі Сяргей Налівайка заяўляў, што з аднаго боку, да катэгорыі “дармаедаў” адносяцца асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з другога — "своеасаблівыя сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнэсам, атрымліваюць заробак у канвертах і не ў поўным аб'ёме выплачваюць падаткі".

Фота: Fotolia




euroradio.by