Чортаў тузін новаўвядзенняў. Што чакае дзяцей у школах?
Паводле звестак Міністэрства адукацыі, сёлета за парты сядзе больш за мільён школьнікаў. Што іх чакае ў навучальных установах? Чыноўнікі падрыхтавалі настаўнікам і навучэнцам масу сюрпрызаў.
Як будзе арганізаваны адукацыйны працэс? Ці з'явяцца новыя факультатывы? Ці можна насіць у школу джынсы і што там з абедам? «Еўрарадыё» падрыхтавала агляд новаўвядзенняў у беларускай адукацыі.
Напрыклад, калі вы зойдзеце ў кабінет англійскай і не ўбачыце там брытанскага сцяга — не здзіўляйцеся. Проста некаму ён моцна перашкаджае.
1. Спачатку — у сталоўку
У новым навучальным годзе школы Беларусі пяройдуць на новую сістэму харчавання, пілотны праект па якім стартаваў яшчэ ў снежні 2022-га. У рамках эксперымента распрацавана больш за 200 новых страў, а таксама новыя падыходы да арганізацыі харчавання.
«Школьныя стравы сталі больш разнастайнымі, смачнымі для дзяцей, а харчовыя адкіды школьных сталовак знізіліся з 50-60% да 10-20%», — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.
У рамках эксперымента ў школьным меню з'явіліся пяльмені і іншыя стравы. Акрамя таго, харчаванне дзецям прапануецца пазней, праз 3,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў. І гэта адразу абед. Колькасць прыёмаў ежы залежыць ад часу знаходжання ў школе:
- ад 3,5 да 6 гадзін — аднаразовае харчаванне;
- ад 6 да 10 гадзін — двухразовае;
- больш за 10 гадзін — трохразовае.
2. Школьная форма
У ходзе адукацыйнага працэсу ва ўсіх відах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы І-ХІ класаў прытрымліваюцца адзення дзелавога стылю. Нашэнне адзення дзелавога стылю навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляецца нормай, якая вызначаецца статутам і правіламі ўнутранага працоўнага распарадку ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.
Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, элемент школьнай формы (гальштук, матылёк) і колер выбіраюць сумесна бацькоўскі камітэт і дырэкцыя школы. Гэта павінна адбывацца празрыста, адкрыта, даступна.
3. Новыя вучэбныя дапаможнікі і генацыд беларускага народа
З 1 верасня ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны будзе праходзіць апрабацыю вучэбны дапаможнік па новым курсе «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Нагадаем, што паўнавартасны запуск новага курсу ў школах запланаваны на 2025 год.
Раней Міністэрства адукацыі заяўляла, што да новага навучальнага года перавыдаюцца 29 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Сярод іншага да пачатку навучальнага года падрыхтаваны тры спецыялізаваныя выданні на тэму генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падручнікі прызначаны як для малодшых класаў, так і для сярэдняй, а таксама старэйшай школы.
4. Плата за падручнікі
Школьныя падручнікі падаражэлі, бо сума аплаты прывязана да памеру базавай велічыні, якая з 1 студзеня павялічылася да 37 рублёў.
Сёння плата за падручнікі складае палову БВ — 18 рублёў 50 капеек.
Дзеці са шматдзетных сем'яў атрымаюць камплект па льготнай цане — 9 рублёў 25 капеек.
Некаторыя навучэнцы, напрыклад, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, дзеці-сіроты, асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вызвалены ад платы за падручнікі.
5. Зносіны на роўных
«Выхаваўчы патэнцыял урока» — новаўвядзенне, якое адчуюць навучэнцы ў новым навучальным годзе. Кажучы простай мовай, гэта зносіны настаўніка і вучня на роўных, якія дазваляюць раскрываць патэнцыял школьніка.
1 верасня падчас першага ўрока «Беларусь і я — дыялог міру і стварэння» вучням павінны расказаць пра тое, як гэта працуе.
6. Урокі дабрыні ад валанцёраў
У Беларусі стартуе акцыя «Урокі дабра» дзеля прасоўвання і папулярызацыі валанцёрства сярод школьнікаў. Валанцёры паразмаўляюць з першакласнікамі і іншымі навучэнцамі пра важнасць дабрыні, спагады і эмпатыі.
«Будзем ствараць разам СВЕТ!» — пішуць арганізатары.
7. Інжынерныя, чыгуначныя класы і... ліцэй МУС
У Беларусі вядзецца праца па пашырэнні профільнай адукацыі. Так, з 1 верасня ў школах ва ўсёй краіне адкрыюцца класы інжынернага і чыгуначнага напрамкаў. Пры гэтым захоўваюцца педагагічныя, аграрныя і ваенна-патрыятычныя класы, якія былі адкрыты раней.
Акрамя таго, падпісаны ўказ № 197 «Аб спецыялізаваных ліцэях Міністэрства ўнутраных спраў».
Дзеля далейшага ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў для органаў унутраных спраў Лукашэнка пастанавіў стварыць Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС.
Сёлета будуць зацверджаны Статут, структура, колькасць і штатны расклад ліцэя. Прыём навучэнцаў павінен ажыццяўляцца да 1 ліпеня 2024 года. Напоўніцу ліцэй запрацуе 1 верасня наступнага года.
8. IT-факультатывы
Дзевяцікласнікі, якія цікавяцца інфармацыйнымі тэхналогіямі, змогуць наведваць два новыя факультатывы, што дапамогуць ім сфарміраваць устойлівую цікавасць да вывучэння матэматычнага мадэлявання і інфарматыкі.
Гаворка ідзе пра факультатыўныя заняткі «Матэматычныя асновы тэорыі алгарытмаў» і «Выкарыстанне тэорыі алгарытмаў».
Акрамя тэарэтычнай падрыхтоўкі, абодва факультатывы прадугледжваюць выкананне практычных работ і міні-праектаў на працягу ўсёй праграмы.
9. Экзамены ў будні — выпускныя пераносяцца
Цэнтралізаваны экзамен у 2024 годзе пройдзе 27 і 30 траўня, праз што ссунуцца і даты выпускных вечароў.
Дырэктарка Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук абяцае, што сістэма падліку балаў ЦЭ зробіцца «максімальна празрыстай, зразумелай для ўсіх».
10. Як маюцца прыватныя школы?
Паводле звестак праекта «Настаўніцкая», некалькі прыватных школ у Мінску паспрабавалі прайсці працэдуру ліцэнзавання. На жаль, усе гэтыя спробы скончыліся безвынікова, таму пакуль рана казаць пра змякчэнне стаўлення да прыватных школ. Спецыялісты не выключаюць, што на працягу навучальнага года сітуацыя можа змяніцца, але пакуль мы стартуем з шасцю прыватнымі школамі.
11. Заробкі настаўнікам і прэміі пераможцам алімпіяд
З 1 верасня 2023 года зменіцца памер базавай стаўкі, што дазволіць павялічыць удзельную вагу гарантаванай (тарыфнай) часткі заработнай платы настаўнікаў.
Новы памер стаўкі — 235 рублёў. У параўнанні з 2022 годам (211 рублёў) ён зрабіўся вышэйшым на 11,4%, але, калі аглядацца на студзень 2023-га (228 рублёў), бачым, што падвышэнне нязначнае — усяго на 3,1%.
Акрамя таго, павялічаны памер надбаўкі за працу ў галіне настаўнікам на 15% ад акладу.
З прыемных бонусаў: у Віцебскай вобласці пераможцам алімпіяд і конкурсаў, а таксама педагогам, якія падрыхтавалі гэтых пераможцаў, будуць плаціць прэміі.
12. Па краіне пойдуць новыя школьныя аўтобусы
Да 1 верасня ва ўстановы адукацыі будзе пастаўлены 151 новы школьны аўтобус. Таксама сёлета закупяць яшчэ 124 аўтобусы.
«Гэта дазволіць цалкам пакрыць парк тых школьных аўтобусаў, якія маюць тэрмін эксплуатацыі большы чым 10 гадоў», — растлумачыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Ён таксама дадаў, што падвоз навучэнцаў з аддаленых населеных пунктаў — гэта вельмі важнае пытанне, і паабяцаў, што ў гэтым навучальным годзе 52 тысячы навучэнцаў будуць забяспечаны падвозам.
«Для гэтага будзе задзейнічана больш чым 1,6 тысячы школьных аўтобусаў. Ужо зацверджана больш чым 5 тысяч маршрутаў», — дадаў міністр.
13. London is not the capital of Britain?
З беларускіх школ могуць прыбраць усе наглядныя матэрыялы, звязаныя з Вялікабрытаніяй. Пра гэта паведамляюць настаўнікі з розных навучальных устаноў краіны.
Напрыклад, перад прыёмам адной са школ да новага навучальнага года педагогаў абавязалі зняць сцяг Брытаніі са сцяны і адклеіць маленькія выявы сцягоў са стэнда аб Брытаніі. Да гэтага сцяжкі віселі некалькі гадоў. З прадметных дэкарацый у кабінеце англійскай пакінулі толькі карту, алфавіт і фота каралеўскай сям'і.
У іншай школе расказалі, што яшчэ год таму намесніца начальніка ўпраўлення па адукацыі загадала прыбраць з кабінета англійскай мовы дыван з выявай лонданскага аўтобуса і тэлефоннай будкі. На пярэчанне быў атрыманы адказ: «Я вам як ідэолаг кажу: прыбярыце!»