«Шчыльны кантроль» Мінадукацыі — як быццам сюжэт «451 градус па Фарэнгейце»

Напярэдадні новага навучальнага года чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі штарміць не па-дзіцячы. То не маглі вызначыцца, колькі каштуе сабраць дзіця ў школу, то вырашылі праверыць навучальныя кабінеты замежных моў, гісторыі і геаграфіі.

Фота з knygarnya.com

Фота з knygarnya.com

За настаўнікамі гісторыі і геаграфіі ў Беларусі ўсталяваны «шчыльны кантроль», распавёў у эфіры «СТБ» намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Паводле яго слоў, гэтым летам спецыяльная група Мінадукацыі асабліва старанна правярала кабінеты гісторыі, геаграфіі і замежных моў, якія непасрэдна маюць уплыў на розумы дзяцей і педагогаў гэтых прадметаў.

«Я хачу вас запэўніць, што ў нас у гэтым пытанні дастаткова шчыльны кантроль, усё будзе на правільным узроўні з пункту гледжання падручніка, з пункту гледжання выкладання матэрыялу», — заявіў Кадлубай.

Чыноўнік сказаў, што ўсяго было праверана 2865 устаноў адукацыі па ўсёй краіне, і «дзесьці па-старому дамінуе брытанскі сцяг над беларускім у кабінеце замежнай мовы».

На пытанне вядучай, што ў гэтым дрэннага, Аляксандр Кадлубай адказаў, што «трэба не вывучаць і апускацца ў культуру і гісторыю носьбітаў мовы, а ведаць пра сваю культуру і гісторыю на замежнай мове. У гэтым няма нічога дрэннага, наадварот, карысна».

Журналісты BGMedia пагаварылі з настаўніцай гісторыі адной з берасцейскіх устаноў адукацыі. З мэтай бяспекі мы змянілі яе імя.

Ірына пацвердзіла, што, сапраўды, у яе школе працавала такая спецыяльная група. Яе ўдзельнікі разам з кіраўніцтвам зайшлі ў кабінет гісторыі і навялі свае парадкі.

«Яны перагледзелі амаль увесь метадычны матэрыял і забралі старыя падручнікі. Асабліва ім здаліся падазронымі тыя, якія выдадзены да 1996 года, — распавядае жанчына. — Таксама пад раздачу трапілі ўсе кнігі на беларускай мове».

Забралі і выкінулі нават старыя часопісы «Беларускі гістарычны часопіс», якія гадоў 15 ляжалі на паліцы, кажа Ірына.

«Маразм усюды і ва ўсім, працаваць неяк не вельмі прыемна становіцца. І гэта мякка сказана. Як быццам сюжэт кнігі Рэя Брэдберы «451 градус па Фарэнгейце» бачу перад сабой. Жудаснае відовішча».

Тым часам першага верасня ва ўсіх установах адукацыі пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня ведаў і пачатку навучальнага года. Тэма першага ўрока — «Беларусь і Я — дыялог міру і стварэння», піша БЕЛТА. У цяперашніх рэаліях гучыць ужо як нясмешны анекдот.

Плануецца, што ў Беларусі з 1 верасня свае дзверы адчыняць 2865 дзяржаўных устаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі. За парты сядуць звыш 1 млн навучэнцаў, з іх 110 тыс. першакласнікаў.