«Часта мы смяемся так, што немагчыма спыніцца». Пра што пішуць Каця Андрэева і Даша Чульцова
Журналісткі Каця Андрэева і Даша Чульцова амаль паўгода сядзяць у турме за тое, што выконвалі сваю працу. Лісты ад дзяўчат — сапраўдная падзея ў рэдакцыі: «Танчы, табе прыйшоў ліст ад Каці!» «Белсат» публікуе лісты з няволі.
Кацярына Андрэева: «Мы павінны, у першую чаргу, задумвацца аб шляхах аднаўлення балансу і свету. А не пра помсту»
Каця шмат піша пра кнігі, пачуцці, якія яны выклікаюць, а
таксама пра будучыню — сваю і ўсіх беларусаў.
«Ты пытаешся, што я цяпер пішу. Ну, пераважна лісты. Калі вы
думаеце, што я там наатала мемуары — то не, зарана яшчэ. Давай гадоў праз 30
хаця б. Каб пісаць, патрэбна натхненне, а яно прыходзіць рэдка. Часам запісваю
смешныя сцэнкі або мясцовы «фальклор», але на аматара…
Чытаю, што выдае бібліятэка, звычайна гэта расійская
класіка. Але тут мне прынеслі «Дзікае паляванне караля Стаха» Караткевіча — о,
было шчасце! За два дні праглынула і засмуціла, што кніжка скончылася так
хутка. Памятаю, як хадзіла на спектакль — здаецца, у Купалаўскі».
«На гэтым тыдні мне відавочна усміхаецца фартуна: разжылася
зборнікам «іспанскіх» нарысаў Хэмінгуэя, Агатай Крысці (ці чытаў? Гэта ж
крута!), сучасным аўтарам Верберам, раманамі Франсуазы Саган (Францыя, каханне,
60-е). А самае галоўнае — я ўважліва перачытала «1984» Оруэла. Гэта адзін з тых
момантаў, калі адкладаеш кнігу, прачытаўшы, а потым доўга глядзіш у адну
кропку».
Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш нядаўна атрымаў спатканне. Яны не абняліся, сустрэча прайшла праз шкло, размаўлялі праз турэмны тэлефон.
«У мяне сёння была амаль двухгадзінная сустрэча з Кацяй. Яна
мела права толькі на адно спатканне да таго, як была пераведзеная ў калонію, з
дазволу начальніка Жодзінскай калоніі — і я гэтым скарыстаўся сёння. Гэта
значыць бацькі Каці, бабуля і дзядуля не змогуць убачыць яе ў Жодзіне.
Пасля таго, як дакументы з суда паступяць у Жодзіна, Кацю і
Дашу могуць перавесці ў Гомель у любы момант.
З сённяшняга дня правілы калоніі распаўсюджваюцца на
грашовыя пераводы і пасылкі — гэта значыць не больш за 4 перадачы і 2 пасылкі
на год, і толькі ад сваякоў. Не сваякі могуць адпраўляць цяпер толькі лісты,
паштоўкі і тэлеграмы.
Я таксама даведаўся, што газета «Новы час» не даходзіць з
пачатку красавіка. Лісты аддаюць толькі адпраўленыя заказным. Звычайныя наогул
не прыходзяць».
Хутка дзяўчат перавядуць у калонію адбываць тэрмін:
«Галоўная загадка найбліжэйшых месяцаў: якую спецыяльнасць я набуду для
рэзюмэ:) Так хвалююча і цікава, што за жыццё там? Якія будуць людзі побач? Тут — адэкватныя».
Даша Чульцова: «Мне бывае невыносна сумна. Адчуванне, што за
гэтымі сценамі нічога няма»
Даша ў сваіх лістах малюе, успамінае знаёмыя ёй будынкі і
шмат дзякуе за ўвагу да яе.
24 красавіка мама Дашы Чульцовой змагла пабачыцца з дачкой.
Наталля распавяла, што з Дашай усё ў парадку. У яе добры,
нават ўзнёслы, настрой. Даша кажа, што вакол яе вельмі добрыя людзі і са
свабоды прыходзяць навіны.
А нядаўна Даша напісала вельмі эмацыйны ліст: «Мне бывае невыносна сумна. Адчуванне, што за гэтымі сценамі нічога няма. Нібы там пустата, амаль як у космасе. Часам здаецца, што гэта ніколі не скончыцца. У той жа час бываюць сапраўды добрыя моманты, я б нават назвала іх шчаслівымі. Часта мы смяемся так, што немагчыма спыніцца, а слёзы цякуць градам. Я не забуду гэтыя моманты. Слёз тут шмат — і дрэнных і добрых. Распавяду пра добрыя.
Маёй радасці няма мяжы, калі прыходзяць лісты. Людзі так
пішуць. Сам гэты факт я да гэтага часу не магу ўсвядоміць. Пакуль я была на
волі, збіралася напісаць каму-небудзь, але так гэтага і не зрабіла. І няўжо я
зараз вартая іх?
Усе словы, уся падтрымка — мне здаецца я ніколі не змагу
знайсці слоў, каб аддзячыць. Мне часам складана адказваць людзям. Я не ведаю,
як сказаць ім дзякуй, Бо гэтага слова проста недастаткова. А яны дзякуюць мне,
але я ж проста рабіла сваю працу».
Лісты для зняволеных — магчымасць даведацца аб тым, што адбываецца на волі, атрымаць падтрымку. Ліст — гэта падзея, бо ў турме не адбываецца нічога. Пісаць можна пра што заўгодна. Зняволеным важна не губляць адчуванне свабоды, якая складаецца з дробязяў, як рэальнае жыццё.
Раскажыце пра сябе, пра тое, што вы бачылі, дзе былі і што
адбываецца вакол вас: напішыце пра фільм, які атрымаў «Оскар», пра тое, што
Tesla выпусціць спартыўны электракар, у Мінску знеслі помнік Арджанікідзэ і
зараз там будзе модны фуд-маркет…
Калі вы хочаце атрымаць адказ, укладзіце ў ліст пусты
канверт і маркі.