Чаму ўлады бяруць у закладнікі сваякоў актывістаў?

Рэпрэсіі у Беларусі не спыняцца — існуючы рэжым па-іншаму выжыць не можа.

szczaslivae_dzjacinstva.jpg

У часы Сталіна быў нават адмысловы юрыдычны статус «чалец сям'і ворага народа», згадвае Валерый Карбалевіч.

— Рэжым дзейнічае ў рамках сваёй логікі, якая бярэ пачатак 9 жніўня 2020 года, — сілай ціснуць усіх апанентаў і сілай утрымліваць уладу, — каментуе "Салідарнасці" ціск на дэмакратычных актывістаў палітолаг Валерый Карбалевіч. — Мы ўжо амаль на працягу двух гадоў назіраем працэс пераходу ад аўтарытарнага да таталітарнага рэжыму. І ў рамках гэтага працэсу адбываецца і ліквідацыя грамадзянскай супольнасці, і вайна з іншадумствам, і ўсё астатняе, у тым ліку затрыманне родных актывістаў.

У таталітарнай дзяржаве вінаватыя не толькі канкрэтныя людзі, але і іх сваякі. У часы Сталіна быў нават спецыяльны юрыдычны статус — "чалец сям'і ворага народа". Жонак арыштаваных утрымлівалі ў спецыяльных лагерах, дзяцей — у спецыяльных інтэрнатах. І Беларусь ідзе строга па гэтым шляху.

Яны хочуць прымусіць грамадства замаўчаць, хочуць ліквідаваць усякае іншадумства. Хочуць нагнаць у краіне такі страх, каб людзі спалохаліся на доўгія гады наперад. У рамках гэтай логікі і дзейнічаюць.

— А як у гэтую логіку ўпісваюцца адкрытыя межы?

— Адкрытыя межы — гэта таксама механізм для выпуску пары. Хто не задаволены, калі ласка, выязджайце. Вядома, ідэальны варыянт быў бы, каб змоўклі і тыя, хто за мяжой. Але галоўнае ўсё ж такі, каб унутры ўсё было спакойна.

Звонку, на іх думку, менш небяспечна, таму што іх уплыў можна абмежаваць той жа забаронай "экстрэмісцкіх" СМІ.

— Што можа спыніць рэпрэсіі?

— Толькі змена палітычнага рэжыму. Я не бачу прыкмет таго, што ў цяперашняй сітуацыі рэпрэсіі могуць спыніцца, паколькі гэта ўмова выжывання існуючага рэжыму, па-іншаму ён выжыць не можа.