Чаму Беларусь дагэтуль не Расія

Часам ідзеш па праспекце і раптам накрывае думка — «жыву ў Расіі». Чаму ў Расіі? Бо я, пазіцыянуючы сябе беларусам, адчуваю дома пастаянны дыскамфорт, яўную прыкмету каланізацыі.



2dd2a6f9_f0da_4d0b_84a8_5741b83fe5b1_w640_r1_s.jpg

Ціхан Чарнякевіч

А ўсе маркеры, якія раз'ядноўваюць мяне і Расію (хай іх будзе не сем, а нават дваццаць сем), занадта абстрактныя і могуць быць умомант перакрэсленыя росчыркам пяра. Таму пытанне «Чаму Беларусь не Расія?» я часцей задаю сабе ў перафарматаваным выглядзе: «Чаму Беларусь дагэтуль не Расія?». 

Нібыта падставы для гэтага ўсе ёсць. Іду, чытаю білінгвальныя шыльды з імёнамі кіраўнікоў сусветнай рэвалюцыі; чую скрыгат расійскага акцэнту ў прамовах беларускамоўных дыктараў на радыё; у чарзе на пошце мяне збівае з ног расійскі шансон на рынгтонах мабільнікаў; паўсюль гучыць руская мова; вяртаючыся з Масквы, ты не спыняешся на мяжы — бо мяжы няма; у фэйсбуках ўсе лайкаюць Рустэмчыка, Варламава, Цёму, падпісваюцца на расійскіх зорак; у маршрутчыкаў на вакне чорна-карычневая стужка і ў душы «Рускае радыё»; у кожнай хрушчоўцы ў вакне — РТР, НТВ і татальнае, бескампраміснае ўсхваленне «апалчэння». А вось, выступае твой зямляча з Пінску і гаворыць: «Для мяне беларусы і расіяне заўжды адзін народ, мы былі і ёсць адзінымі! Дзень Расіі — гэта нашае агульнае свята. Колькі такіх, як я, людзей, у якіх дзве радзімы — Беларусь і Расія!». Жыве чалавек у Беларусі з 1959 году, а слана так і не заўважыў. Не было нагоды.

«Мы жывем, пад сабою не чуем краіны…» — напісаў некалі ў падобнай непрагляднай сітуацыі расійскі паэт. Чаму менавіта ён імгненна прыходзіць мне да галавы, а не Купала, Колас ці Багдановіч? Так выхавалі: школа з расійскай мовай навучання, бацькоўская кватэра без адзінай беларускай кніжкі, спрэс русіфікаваная гарадская культура, якая ўсё ніяк не хоча прагінацца пад беларушчыну.

Беларусь — нібы цацка, якую дарослыя дзядзькі далі пагуляць, але вельмі лёгка могуць запатрабаваць назад. Прынамсі ў мяне гэтае адчуванне даволі моцнае ўсю дарогу. Жыццё да 1994 году я памятаю вельмі фрагментарна, таму мне папросту няма з чым параўноўваць. Ёсць вось гэтая новая мяккая цацка і яна найулюбёнейшая, найдаражэйшая. Яна, безумоўна, адчуваецца сваёй (для дзяцей пытанне ўласнасці — з першых, якія вырашаюцца), але падсвядома ты памятаеш, што зусім нядаўна яе не было, а значыць — яе можа не быць.

Гэтак у мяне. Чым мы адрозніваемся ад Расіі — не ведаю, быў там толькі аднойчы. Па сутнасці, мала хто і ведае — нас накрывае толькі ейнае магутнае інфармацыйнае поле, ад радыё, ТБ да кніг і сацыяльных мярэжаў (і гэтага для расійскіх уладаў цалкам дастаткова). Расія для беларусаў (як і Амэрыка, Эўропа) — міф, фікцыя звышдзяржавы, сукупнасць уяўленняў пра якую балансуе на мяжы насцярожанасці і павагі. Вялікая тэрыторыя, а ў нас малая. У іх газ, у нас — квас. Яны гультаі, а мы не. Такімі катэгорыямі апераваць можна толькі пры складанні кепскіх анекдотаў. Аднак жа нават гэтае разуменне суседавай сілы (падмацаванае генетычнай памяццю пра сталінскую мясарубку) атрафіруе беларускую волю быць суб’ектам гісторыі, а не аб’ектам, пунктам-апірышчам для чарговага параноіка з Усходу, які прагне пашырэння ўласных тэрыторый.

Іншая справа, калі раўнаць з летувісамі. Як ні прыязджаеш у Вільню, вычуваеш — не наша яна. Колькі ўкладзена ў яе грошай, як вылізаны і ашчадна захаваны старажытны цэнтр, як турыстаў сустракае выключна літоўская мова ва ўсіх грамадскіх месцах. Хочаш не хочаш, вывучыш дзясятак словаў, каб проста разумець, дзе крама, а дзе аптэка альбо цырульня. І робіцца ўсё з такім выглядам, маўляў, мы тут гаспадары і мы прыйшлі надоўга. 

Добра было б і нам мець такі абарончы вал — з культуры, мовы (хаця б у цэнтральных кавярнях і грамадскіх месцах), традыцыйнай колеравай гамы, з мінулага, якое працуе на сучаснасць, а не стаіць бронзавым пастаментам, пад якім ты ляжыш, trampled under foot, з усімі сваімі марамі пра будучыню.

Who wants to live forever? — спяваў некалі Фрэдзі Меркуры. У ягоным голасе смяротна хворага чалавека пытанне гэтае заўсёды чулася як сцверджанне і згода. Ці пераймаюцца ім беларусы? Ці хочуць яны «вечнай Беларусі»? Мне здаецца, што іх хвалююць зусім іншыя пытанні. Найперш — як выжыць, чыста вегетатыўным спосабам, атрасаючы з сябе ўсё, што перашкаджае выжыванню. Гэтая інерцыя, завядзёнка, якая спрацоўвала ўсе сотні гадоў, можа прывесці да таго, што неўпрыкмет Беларусь ужо нічым не будзе адрознівацца ад Расіі. Глабальны свет эпохі інфармацыйнага выбуху павыцірае «выпадковыя рысы», а моцны сусед урэшце прыйдзе і адбярэ цацку. 

А народ паспаліты толькі рыпнецца, гэкне, кіне малую слязіну... дый махне рукою, заняўшыся іншымі справамі.

Ціхан Чарнякевіч, www.svaboda.org