Былыя журналісты газеты «Белорусы и рынок» прэзентавалі ўласны сайт

Рэсурс пад назвай belrynok.by стаў працаваць сёння, 11 мая.



belrynok.jpg

У заяве, змешчанай на новым сайце, адзначаецца:
«Мы вітаем вас на сайце Белрынок, дзе разлічваем сустрэць нашых старых і новых сяброў. Мы — гэта каманда, якая 20 гадоў працавала ў эканамічным тыднёвіку «Беларускі рынак» (пасля - «Белорусы и рынок»). Газета «Белорусы и рынок» спыніла працу ў звыклым вам фармаце, і сёння новы нумар выйдзе без нашых імёнаў і артыкулаў. Амаль уся рэдакцыя — журналісты, якія доўгія гады знаходзілі для вас навіны, пісалі аналітыку, і спецыялісты, якія гэтыя матэрыялы вычытвалі і рыхтавалі да друку, — звольніліся самі або былі звольненыя.
Мы сышлі, бо са зменай кіраўніцтва, рэдакцыйнай палітыкі і тэматыкі гэта ўжо больш не наша газета.
(…) 
Мы прыйшлі сюды з надзеяй і жаданнем стварыць у Беларусі новае СМІ, заснаванае на журналісцкай ініцыятыве. Мы прыйшлі, бо выбіраем якасную, праўдзівую журналістыку. І хочам стаць тэрыторыяй незалежнага экспертнага меркавання і здаровага сэнсу. Мы прыйшлі, бо выбіраем Свабоду. Свабоду слова».
***
З выдання «Белорусы и рынок» сышла большая частка калектыву. Нагодай стала змена акцыянера і галоўнага рэдактара газеты. Выданне пакінулі ўсе вядомыя журналісты: Таццяна Манёнак, Паўлюк Быкоўскі, Аляксандр Алесін, Ірына Крыловіч і іншыя, агулам больш за дзесяць чалавек. Па словах журналістаў, ім не падыйшла тая кантэнтная палітыка, якую ім прапанавала новае кіраўніцтва.
nn.by