Больш за 100 нобелеўскіх лаўрэатаў патрабуюць вызваліць Алеся Бяляцкага
Міжнародны ПЭН, арганізацыя літаратараў і арганізацыя па абароне свабоды слова апублікавала ліст, падпісаны 103 нобелеўскімі лаўрэатамі, у якім выказваецца салідарнасць з пісьменнікам, праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру і сябрам ПЭНа Алесем Бяляцкім.
У лісце таксама асуджаецца жорсткае, няспыннае і сістэматычнае падаўленне беларускімі ўладамі незалежных меркаванняў. У тэксце ліста гаворыцца:
«Мы, ніжэйпадпісаныя нобелеўскія лаўрэаты, заклікаем да неадкладнага і безадгаворачнага вызвалення нашага калегі — пісьменніка, праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і сябра ПЭНа Алеся Бяляцкага.
Алесь Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Ён наважыўся заклікаць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку да адказу за яго бязлітаснае, няспыннае і сістэматычнае падаўленне незалежных галасоў. За гэта ён плаціць дарагой цаной — дзесяццю гадамі зняволення па надуманых падставах.
Алесь Бяляцкі — сімвал надзеі і натхнення для праваабаронцаў усяго свету, і ён варты пашаны. Замест гэтага ён апынуўся за кратамі разам з пяццю сябрамі праваабаронцага цэнтра «Вясна», заснаванага ім, каб падтрымаць тых, каго прыгнятаюць і пераследуюць беларускія ўлады.
У снежні 2022 года Бяляцкаму не дазволілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру ў Осла, дзе яго віталі як промень святла ў рэгіёне і за яго межамі.
Свет заслугоўвае таго, каб пачуць голас Бяляцкага.
Мы падтрымліваем Алеся Бяляцкага і яго паплечнікаў па «Вясне»: Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка — і заклікаем тэрмінова адмяніць іх прысуды і зняць усе абвінавачанні.
Мы салідарныя са шматлікімі пісьменнікамі, журналістамі, дзеячамі культуры, праваабаронцамі і грамадзянамі Беларусі, якія адбываюць доўгія турэмныя тэрміны за тое, што яны мірна выказвалі сваё меркаванне і казалі ўладзе праўду.
Мы падтрымліваем мужны народ Беларусі, які працягвае змагацца за свае чалавечыя правы.
Кажучы словамі Алеся Бяляцкага, мы таксама верым, бо ведаем, што пасля зімы заўжды наступае вясна».
Падпісанты:
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў галіне хіміі: Пітэр Агрэ (2003), Томас Р. Чэх (1989), Марцін Чалфі (2008), Эманюэль Шарпанцье (2020), Аарон Чэхановер (2004), Эліяс Джэймс Коры (1990), Іаган Дайзенхофер (1988), Жак Дзюбашэ (2017), Ёахім Франк (2017), Алан Хігер (2000), Рычард Хендэрсан (2017), Дадлі Р. Хершбах (1986), Роальд Хофман (1981), Роберт Хубер (1988), Марцін Карплюс (2013), Браян К. Кабылка (2012), Роджэр Д. Корнберг (2006), Юань Т. Лі (1986), Роберт Дж. Лефкавіц (2012), Жан-Мары Лен (1987), Хартмут Мішэль (1988), Джон К. Паланьі (1986), Жан-П’ер Саваж (2016), Рычард Р. Шрок (2005), Ар’е Варшэль (2013), М. Стэнлі Уітынгем (2019).
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі: Эстэр Дзюфло (2019), Олівер Харт (2016), Гвіда В. Імбенс (2021), Фін Э. Кідланд (2004), Эрык С. Маскін (2007), Пол Р. Мілграм (2020), Эдмунд С. Фелпс (2006), Элвін Э. Рот (2012), Вернан Л. Сміт (2002), Джозэф Э. Стыгліц (2001).
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры: Святлана Алексіевіч (2015), Дж. М. Кутзее (2003), Ані Эрно (2022), Луіза Глюк (2020), Абдулразак Гурнах (2021), Кадзуа Ісігура (2017), Эльфрыда Елінек (2004), Патрык Мадыяно (2014), Герта Мюлер (2009), Архан Памук (2006), Воле Шаінка (1986), Вольга Такарчук (2018), Марыа Варгас Льоса (2010).
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў галіне медыцыны: Харві Дж. Альтэр (2020), Дж. Майкл Бішап (1989), Элізабет Х. Блэкберн (2009), Марыа Р. Капекі (2007), Эндру З. Файр (2006), Кэрал В. Грайдэр (2009), Джэфры Конар Хол (2017), Харальд цур Хаўзен (2008), Жуль А. Хофман (2011), Тасуку Хондзё (2018), сэр Майкл Хоўтан (2020), Цім Хант (2001), Луіс Дж. Ігнаро (1998), Эрык Р. Кандэль (2000), Бары Дж. Маршал (2005), Крэйг С. Мело (2006), Эдвард Мозер (2014), Май-Брыт Мозер (2014), Эрвін Нехер (1991), сэр Пол М. Нерс (2001), Стэнлі Б. Прусінер (1997), сэр Пітэр Дж. Рэткліф (2019), Чарльз М. Райс (2020), сэр Рычард Дж. Робертс (1993), Майкл Росбаш (2017), Джэймс Э. Ротман (2013), Грэг Л. Семенза (2019), Гамільтан О. Сміт (1978), Гаральд Э. Вармус (1989), Эрык Ф. Вішаус (1995), Торстэн Н. Візел (1981).
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру: Шырын Эбадзі (2003), Дзмітрый Муратаў (2021), Марыя Рэса (2021), Оскар Арыяс Санчэс (1987), Хуан Мануэль Сантас (2016).
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі: Бары Кларк Барыш (2017), Альберт Ферт (2007), Джэром І. Фрыдман (1990), Джон Л. Хол (2005), Серж Арош (2012), Такаакі Каджыта (2015), Вольфганг Кетэрле (2001), Энтані Дж. Легет (2003), Джон С. Мазер (2006), Мішэль Мэр (2019), Канстанцін Навасёлаў (2010), Роджэр Пэнроўз (2020), Уільям Д. Філіпс (1997), Х. Дэвід Політцэр (2004), Хорст Л. Стормер (1998), Кіп Стывен Торн (2017), Дэніэл К. Цуй (1998), Роберт Вудра Вільсан (1978).
14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі разам з некалькімі калегамі па «Вясне» быў затрыманы пасля ператрусаў, праведзеных беларускімі сілавымі органамі ў больш як дзесяці арганізацыях грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацыях. 17 ліпеня яго перавялі ў СІЗА па сфабрыкаваным абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У далейшым яму былі прад’яўлены абвінавачванні ў кантрабандзе і арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
У снежні 2022 года Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод» — годная ўзнагарода за бясстрашную працу. 3 сакавіка 2023 года Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі разам з сябрамі рады «Вясны» Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, якім прысудзілі, адпаведна, дзевяць і сем гадоў. Упершыню Алесь Бяляцкі апынуўся за кратамі ў 2011 годзе і правёў у няволі 1052 дні.