Беларускія ўніяты адзначаюць сёння 25 гадоў аднаўлення легальнай дзейнасці
Беларускія грэка-католікі адзначаюць сёння 25 гадоў аднаўлення легальнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Праз 150 гадоў забароны, ганенняў і забыцця.
11 сакавіка 1990 году ў каталіцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на менскай Кальварыі адбылася першая ў найноўшай гісторыі Менску імша паводле грэка-каталіцкага абраду. Яе правёў айцец Аляксандр Надсан.
У кастрычніку 1990 году ўніяцкая грамада сталіцы Беларусі атрымала афіцыйную рэгістрацыю. Гэтак 2015-ты стаў для беларускіх уніятаў годам 25-гадовага юбілею адраджэння Грэка-каталіцкай царквы ў сучаснай Беларусі.
Пра гісторыю і сучаснасць беларускага ўніяцтва Радыё Свабода распавёў канцлер курыі апостальскага візітатара для грэка-католікаў у Беларусі, айцец Яўген Усошын.
Гісторыя беларускага ўніяцтва — з глыбіні стагоддзяў
На беларускія землі хрысціянства прыйшло непадзельным. А пасля расколу на заходняе і ўсходняе хрысціянства нашы продкі не раз намагаліся аб’яднацца. Царкоўныя ерархі яшчэ ў ХV стагоддзі бралі ўдзел у агульных саборах — да прыкладу, Канстанцкіх. Яшчэ адзін прыклад гэтага імкнення, значна ранейшы, — Унія караля Данілы Галіцкага ў Драгічыне, падпісаннем якой было прызнанае адзінства царквы. Некалькі дзясяткаў гадоў у Беларусі дзейнічала Фларэнтыйская унія. Такім чынам, яшчэ да Берасцейскай уніі 1596 году нашы продкі вызнавалі царкоўнае адзінства — была вялікая супольная спадчына і жаданне хрысціян у Беларусі жыць у адзінай царкве.
Яўген Усошын
Гісторыя Берасцейскай царкоўнай уніі — асобная вялікая старонка духоўнага жыцця беларусаў, якая мела моцны плён і ўплыў на культуру ўсяго народу. На гэты перыяд прыпаў росквіт кнігадрукавання, тэалягічнай думкі і іншых галінаў культуры.
Унія была гвалтоўна ліквідаваная царскімі ўладамі ў 1839 годзе.
Спробы адрадзіць унію былі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Жыццё Беларускай грэка-каталіцкай царквы прадоўжылася ў 50–70-х гадах у Заходняй Еўропе, падпольнае ўніяцтва існавала і ў самой Беларусі — уніяцкія святары прыязджалі з Украіны, таемна служылі ў Горадні.
Уніяцкая царква выйшла з падполля, аднавілася і расцвіла ў 1990-х гадах мінулага стагоддзя.
Айцы-заснавальнікі сучаснага беларускага ўніяцтва — Ян Матусевіч і Аляксандр Надсан
У 1979 годзе ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёну распачаў службу айцец Ян Матусевіч. Баруны былі адным з гістарычных грэка-каталіцкіх цэнтраў у Беларусі. Там захаваўся вялікі будынак былога кляштара айцоў-базыльянаў, а сам касцёл — былая грэка-каталіцкая царква. У храме месціцца ўніяцкі цудатворны абраз Маці Божай Барунскай. Там Матусевіча адведвалі айцы-базыльяне з Украіны, якія тады былі ў падполлі. Пасля 1988 году адбыліся паездкі айца Яна Матусевіча разам з ксяндзом Уладыславам Чарняўскім у Лёндан у Беларускую місію — там адпраўляліся службы па-беларуску паводле грэка-каталіцкага абраду. Баруны становяцца месцам паломніцтва інтэлігенцыі з усёй Беларусі. 12 лістапада 1989 году, у дзень памяці святога Язафата Кунцэвіча, група менскай моладзі наведала Баруны і ўзяла ўдзел у набажэнстве. На пачатку 1990 году гэтыя ж маладыя людзі пачалі працу над першым грэка-каталіцкім часопісам «Унія», а таксама заснавалі суполку «Унія».
У сакавіку 1990 году з Лондану ў Мінск прыехаў айцец Аляксандр Надсан. У нядзелю 11 сакавіка айцец Аляксандр адслужыў літургію ў касцёле Ўзвышэння Крыжа на Кальварыі, якая сталася першай непадпольнай грэка-каталіцкай літургіяй у сучаснай Беларусі. Напрыканцы 1990 году была зарэгістраваная першая грэка-каталіцкая грамада святога Язэпа. Пры дапамозе айца Аляксандра Надсана на беларускую мову былі перакладзеныя літургічныя тэксты і іншая духоўная літаратура. Службы ў грэка-каталіцкай царкве ідуць па-беларуску.
Айцец Ян Матусевіч і папа Ян Павел ІІ. ◀
У еднасці з Рымам, на службе беларускага народу
Паступова ў розных гарадах Беларусі паўставалі грэка-каталіцкія парафіі: у Менску, Полацку, Віцебску, Гомелі, Берасці, Лідзе, Горадні ды іншых вялікіх і маладых гарадах краіны. Царква набыла і дагэтуль набывае свае самабытныя рысы, высвячаюцца новыя святары. У Беларусь Ватыканам быў прысланы і служыць апостальскі візытатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек.
Уніяцкая царква ў Беларусі амаль не мае сваіх храмаў, а многія прыходы збіраюцца ў рыма-каталіцкіх капліцах і касцёлах.
Але царква — гэта містычнае цела Хрыста. І галоўная ягоная сутнасць — вернікі.
25 гадоў ад заснавання грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі — вельмі важны перыяд, праз які мы асэнсоўваем нашу спадчыну і наша заданне перад будучыняй Хрыстовай царквы ў Беларусі. Гэта значыць — для пэўных людзей, у пэўны час і ў пэўнай культурнай прасторы. Сёння ў парафіі святога Язэпа дзейнічае тэатральны гурток, клуб інтэлігенцыі.
Беларуская грэка-каталіцкая царква — як даўней называлі, уніяцкая царква — царква Усходне-візантыйскай традыцыі, у еднасці са святым Рымскім апостальскім пасадам яна заўсёды была са сваім народам, перажывала яго беды і радасці, — сказаў айцец Яўген Усошын у інтэрв'ю Радыё Свабода.