Беларускія хрысціянскія дэмакраты супраць новых «жыровак»
Бабруйскі аргкамітэт па стварэнні партыі БХД выступіў з ініцыятывай калектыўнага звароту беларусаў у «вышэйшыя інстанцыі». Нагодай для звароту стаў імклівы рост тарыфаў на
паслугі ЖКГ з пачатку бягучага года. Лічбы ў «жыроўках» павялічыліся на 20-70%.
У тэксце дакумента, пад якім падпісваюцца бабруйчане, гаворыцца, што грамадзяне нашай дзяржавы «абураныя велізарным павелічэннем плацяжоў, адсутнасцю якаснага жыллёва-камунальнага абслугоўвання, несвоечасовым капітальнымі рамонтамі і іншымі структурнымі недапрацоўкамі ў гэтай сферы».
Падпісанты патрабуюць унесці змены ва ўказ прэзідэнта № 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг». На іх думку, сур'ёзнай дапрацоўцы трэба падвергнуць пункт, які
абвяшчае, што выдаткі па ўтрыманні дапаможных памяшканняў, працы абсталявання, тэхнічнаму абслугоўванню ліфта і г.д. пакрываюцца, зыходзячы з агульнай плошчы жылых памяшканняў, у якіх зарэгістраваныя
грамадзяне. Хрысціянскія дэмакраты прапануюць разлічваць пакрыццё выдаткаў, зыходзячы з колькасці грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства.
Акрамя таго, аўтары звароту звяртаюць увагу на тое, што неабходна павялічваць удзел грамадскасці ў распрацоўцы мер эканоміі. Мер па зніжэнні кошту паслуг ЖКГ. Зніжэнне кошту і павышэння якасці ЖКП, а таксама змяншэнне спажывання энергіі (і, як вынік, замарожванне тарыфаў на ЖКП), — вось да чаго трэба імкнуцца. Дабіцца паляпшэнняў у структуры кіравання ЖКГ, як мяркуюць падпісанты, магчыма шляхам «скарачэння шматлікага апарата чыноўнікаў — з устраненнем разнастайных аддзелаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры абл-, гар-, райвыканкамах».
Падпісныя лісты будуць накіраваны ў Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Адміністрацыю прэзідэнта і Бабруйскі гарвыканкам.
Паводле "Бабруйскі кур'ер"