Беларускі спецназавец пешкі ідзе ў Магадан

Па падліках экстрэмала, на вандроўку да Магадана і назад пойдзе каля чатырох гадоў. Пра планы Сяргея Мароза піша беларускі партал extremal.by



siarhei_maroz.jpg

Фота са старонкі Сяргея ў Фэйсбуку. Заўважым, на майцы спецназаўца — партрэты Пуціна і Лукашэнкі

У першы дзень вясны беларус Сяргей Мароз думае адправіцца ў пешае падарожжа на край свету  — у Магадан, і тым жа спосабам вярнуцца назад. Яго маршрут будзе праходзіць праз шэсць краін — Беларусь, Расію, Манголію, Казахстан, Узбекістан і Кыргызстан — і складзе каля 30 тыс. км. Каб адолець іх на сваіх дваіх, спатрэбіцца 3,5-4 года, падлічыў Сяргей. — Чаму я абраў менавіта такі маршрут? Таму што гэта мая радзіма. Я нарадзіўся ў СССР і лічу ўсе краіны СНД сваёй радзімай. І я збіраюся паказаць, наколькі добрыя, мілыя і спагадныя людзі, якія жывуць у Расіі і іншых краінах, па якіх пралягае мой шлях. А самае галоўнае — наколькі прыгожая і багатая наша родная зямля, — растлумачыў extremal.by Сяргей Мароз.
У дарозе падарожнік плануе наведваць гістарычныя месцы, спазнаваць культуру народаў і ў выніку зняць фільм пра сваё падарожжа. Знятыя кавалкі абяцае выкладваць на свой старонцы ў Facebook і YouTube.
На пытанне, ці не страшна пакідаць на доўгі час дом, сям'ю і працу, Сяргей адказаў, што страшней «пражыць жыццё, не рэалізаваўшы ў ёй свае планы і мары».
— Я хачу паказаць людзям, што варта змяніцца, паглядзець на свет іншым поглядам і што мы, людзі, можам змяніць сябе і свет да лепшага ...
Сяргей Мароз паведаміў таксама, што вопыт у пешых маршах на доўгія адлегласці і выжывання ў цяжкіх умовах атрымаў дзякуючы службе ў 5-й асобнай брыгадзе спецпрызначэння ПДВ у Мар'інай горцы.
Сяргей Мароз з сямі гадоў займаецца спортам, скончыў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву, ён майстар спорту па цяжкай атлетыцы, прызёр рэспубліканскіх першынстваў па тайландскім боксе і ушу-саньда. Наведвае басейн і трэнажорную залу, захапляецца падводным паляваннем.
Цяпер Сяргей шукае спонсарскую дапамогу «для набыцця экіпіроўкі або здымачнага абсталявання».