Беларусі неабходны СМІ, які б разважаў пра філасофію простай мовай
Для Беларусі актуальнае стварэнне сродку масавай інфармацыі, які простай для чытача мовай будзе прасоўваць філасофскія ідэі. Такое меркаванне выказаў БелаПАН загадчык кафедры філасофіі і
метадалогіі навукі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Анатоль Зелянкоў.
Стварэнне такога СМІ — вельмі складанае шматкампанентнае пытанне, якое патрабуе фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі. "Але мы да гэтага абавязкова прыйдзем. Такія СМІ, магчыма, спачатку электронныя, як больш дынамічныя, будуць з'яўляцца абавязкова", — сказаў ён.
Неабходнасць стварэння такіх СМІ, лічыць спецыяліст, заключаецца ў тым, што "філасофская думка не заўсёды зразумелая неспецыялісту". "Філасофія — гэта эзатэрычная
галіна, але вельмі часта мы не знаходзім разумення ў дыялогу з шырокай аўдыторыяй. Нам трэба выпрацаваць нейкую мову, стыль і жанры, каб пра сучасныя філасофскія праблемы можна было гаварыць проста і
зразумела. Гэта значыць неабходна выходзіць у сістэму масавых камунікацый", — лічыць загадчык кафедры.
Успрыманне філасофскіх ідэй у нашай краіне найбольш актуальнае для моладзі, якая "шмат у чым пагружана ў прастору масавай, стэрэатыпнай культуры", адзначыў спецыяліст. Паводле яго
меркавання, важна пераканаць маладых людзей, што іх уласная пазіцыя і асабістае меркаванне значна важнейшыя, чым бяздумнае прыняцце ўстояных стэрэатыпаў.
"Магчыма, гэта меркаванне будзе не вельмі ўзгадняцца з агульнапрынятымі пунктамі гледжання, з нейкай ідэалагічнай устаноўкай, але яно павінна быць выпрацавана ў выніку самастойнага творчага
разумовага працэсу. Трэба вучыць маладых людзей не быць у натоўпе, не быць як усе, не капіраваць знешнія нарматывы паводзін, стылі, моду, а выпрацоўваць уласную пазіцыю, прапускаць праз сваю асобу.
Спадзяюся, што маладзёжная аўдыторыя нас пачуе", — сказаў Зелянкоў.
У Беларусі, як ён сцвярджае, усё больш абуджаецца цікавасць да інтэлектуальнай культуры з яе крытычнасцю мыслення і адстойвання ўласнай пазіцыі, "але гэта шмат у чым забіваецца тэлебачаннем і
масавай культурай".
"Трэба ў якасці альтэрнатывы прасоўваць больш інтэлектуальную форму зносін. У Маскве і Санкт-Пецярбургу, напрыклад, яна значна мацней прадстаўлена, мы ж у гэтым сэнсе пакуль застаёмся правінцыяй", — падкрэсліў Зелянкоў.
Распрацоўка агульназразумелага прынцыпу падачы філасофскіх ідэй і магчымае ў будучым стварэнне адпаведнага інфармацыйнага асяроддзя — гэта адзін з магістральных вектараў сумеснай дзейнасці
спецыялістаў кафедры філасофіі і метадалогіі навукі БДУ і Акадэміі навук Беларусі. Філіял гэтай кафедры адкрыты ў Інстытуце філасофіі НАНБ 21 студзеня.
Захар Шчарбкоў, БелаПАН