Беларусы вераць, што 2022-ы будзе лепшым

Кампанія SATIO даведалася, чаго чакаюць беларусы ад 2022 года, піша газета "Белорусы и рынок".

img_0639_1_logo_2.jpg

Для гэтага было апытана 1002 чалавекі. Выбарка была прапарцыйная насельніцтву Беларусі ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў паводле полу, узросту і рэгіёнаў.

Беларусы лічаць, што для іх і іх сем'яў мінулы год быў нядрэнным, разам з гэтым для краіны і свету 2021 год быў не самы добры — так лічаць 57% рэспандэнтаў.

2022-ы год беларусы сустракаюць хутчэй з аптымізмам: добрага чакаюць як для сябе, так і для краіны і свету. У цэлым 2022 год сустракаюць з надзеяй, аптымістычнымі чаканнямі і добрым настроем. Чым маладзей чалавек, тым з большым аптымізмам ён глядзіць у будучыню.

Пры ўсім навагоднім пазітыве ў заўтрашнім дні ўпэўненыя ўсяго 42% беларусаў. Іх упэўненасць заснаваная ў першую чаргу на веры ў сябе і блізкіх, а таксама на матэрыяльнай стабільнасці.

Крыху больш 1/3 беларусаў верыць, што праз год яны будуць жыць лепш, чым цяпер. Крыху менш за 1/3 упэўненыя, што зменаў не будзе. Доля людзей з негатыўнымі чаканнямі і доля тых, хто не здолеў адказаць, аднолькавая.