Беларускім ВНУ і каледжам раптам забаранілі выдаваць «свабодны дыплом»

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко распарадзіўся аб стоадсоткавым прымусовым размеркаванні на працу студэнтаў ВНУ і каледжаў, якія навучаліся на бюджэтнай форме.

0cb41a7e_bb30_4603_9d90_33d13d4caf87_w1023_r1_s.jpg

Партал Tut.by апублікаваў ліст са спасылкай на адпаведнае даручэнне Жарко, самога даручэння ў адкрытым доступе няма.
Начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч пацвердзіў парталу факт правядзення «100-працэнтнага размеркавання». Ён адзначыў, што «свабодны дыплом» могуць даць, напрыклад, калі муж едзе да жонкі туды, дзе няма працы.
Распараджэньне Жарко датаванае 1 чэрвеня, хоць папярэдняе размеркаваньне праводзілася ў сакавіку, а канчатковае — у красавіку. У красавіку ж былі падпісаныя загады аб выдачы «свабодных дыпломаў» там, дзе вакансіяў для прымусовага размеркаваньня не было. Паводле палажэння аб размеркаванні, будучае месца працы мае быць вядомым за два месяцы да выпуску, але распараджэнне пра фактычную забарону «свабодных дыпломаў» дайшло да ВНУ за тыдзень да выпуску.
Выпускнікам, якія ўладкаваліся на недзяржаўную працу і чакалі «свабоднага дыплому», Каспяровіч параіў прасіць працадаўцаў падаваць заяўкі на размеркаванне. Маўляў, не прымаць заяўкі ў ВНУ не маюць права, але калі заявак зашмат, найперш будуць задавольваць «замовы базавых арганізацыяў; потым тых, дзе студэнты былі на практыцы». Але, на думку чыноўніка, цяпер няма сітуацыі з надта вялікай колькасцю заявак там, дзе ў час папярэдняга размеркавання іх бракавала.
Паводле svaboda.org