Ачомаліся? Не да канца…

Пра гэта на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі 26 чэрвеня распавёў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі. І гэта, бадай, лепшая навіна тыдня — калі гэта праўда.

Фота www.ugaga.net

Фота www.ugaga.net

Па словах віцэ-прэм’ера, урад распрацоўвае два сцэнары развіцця эканомікі ў 2018 годзе. Разглядаюцца два сцэнары — кансерватыўны і мэтавы. У 2018 годзе прагназуецца рост ВУП у на 1,1%. Але пры гэтым, як сказаў Мацюшэўскі, эканамічны прагноз складаецца зыходзячы з курса ў 70 расійскіх рублёў за долар і кошту на нафту маркі Urals — $40 за барэль. Таксама ў прагнозах «улічаны эфект нізкай базы і «калійны прастой».

Няўжо мы дачакаліся таго, што ўрад нарэшце вылез са свайго «паралельнага сусвету» і зірнуў на беларускую сітуацыю рэальна? І нават пачаў «сціс­каць» эканамічныя паказчыкі, сыходзячы з самага негатыўнага сцэнару развіцця сітуацыі? Нагадаем, што зараз урад нашага асноўнага гандлёвага партнёра — Расіі — толькі задумваецца пра тое, каб «апусціць» свой рубель да RUВ65/$1, а Urals — 46 долараў за барэль.

Зразумела, што калі мы выпрацоўваем жорсткі сцэнар, у выпадку яго «мяккасці» нам будзе значна прасцей.

Паводле словаў Мацюшэўскага, другі сцэнар — мэтавы — распрацоўваецца ў перспектыве пяцігадовага плана развіцця эканомікі і прадугледжвае правядзенне цэлага шэрагу структурных пераўтварэнняў. Праўда, ён не ўдакладніў, якія гэта «структурныя пераўтварэнні». Але пачатак абнадзейвае.

Галоўнае, каб у гэтым плане таксама былі закладзеныя экспромты кіраўніка дзяржавы кшталту «заробак у 1000 рублёў — кроў з носу» і «ніякіх рэформаў, пакуль я жывы».

Але бачна, што сваю пазіцыю змяняе і Аляксандр Рыгоравіч. Днямі ён у чарговы раз анансаваў рэвалюцыйныя палёгкі для IT-сферы краіны, а 23 чэрвеня падпісаў новую рэдакцыю ўказа «Аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый».

Памятаеце, некалі той самы Лукашэнка грукаў па стале і патрабаваў вяртання грошай, якія «завіслі ў Расіі» і тэрміновую аплату паслуг? Забудзьцеся, усё вяртаецца на звыклыя колы. Дакумент павялічвае тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый: пры экспарце — з 90 да 180 дзён з даты адгрузкі тавараў (аказання паслуг), пры імпарце — з 60 да 90 дзён з даты правядзення плацяжу, а пры выкананні (аказанні) будаўнічых работ (паслуг) за мяжой — не пазней за дату завяршэння нарматыўнага тэрміну будаўніцтва аб’екта.

Таксама ўказ здымае некаторыя неактуальныя ўжо бар’еры, якія стрымліваюць рост знешняга гандлю. Напрыклад, не прызначаюцца тэрміны для разлікаў паміж аператарамі сотавай сувязі пры аказанні паслуг роўмінгу, а таксама пры правя­дзенні разлікаў ГА «Беларуская чыгунка» з чыгуначнымі адміністрацыямі іншых краін. І цяпер ёсць магчымасць завя­ршыць знешнегандлёвую аперацыю, калі запазычанасць прызнаная безнадзейнай да спагнання. Але не раней чым праз тры гады з даты яе ўтварэння.

Нашы крокі па «лібералізацыі і аптымізацыі» ацэньваюць замежныя эксперты. Напрыклад, Беларусь заняла 65-е месца (сярод 127 удзельнікаў) у рэйтынгу сацыяльна-прагрэсіўных краін. Рэйтынг складаюць амерыканскія эксперты, якія вывучаюць стан медыцыны, умовы жыцця, адукацыю, доступ да тэхналогій, абарону правоў чалавека, талерантнасць. Лідарам спісу з’яўляецца Данія, далей — Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія, Швейцарыя. На апошніх месцах — Афганістан, Емен, Гвінея, Нігер, Ангола, Чад.

Новы рэйтынг падаў і сайт globalfirepower.com. Яго даследаванне прысвячаецца вайсковай магутнасці дзяржаў, зыходзячы з больш чым паўсотні фактараў, у тым ліку геаграфіі, узроўню развіцця вытворчасці, разнастайнасці ўзбраення ў войску. Агулам у 2017 годзе былі даследаваныя 132 краіны, і Беларусь заняла ў гэтым спісе неблагое 50-е месца.

У лідарах, зразумела, ЗША, Расія і Кітай. Сярод нашых суседзяў высокае 18-е месца займае Польшча. Украіна — на 30-м радку, што цалкам тлумачальна: краіна, якая вядзе вайну, не можа нядбайна ставіцца да свайго войска. Літва ў спісе 97-я, Латвія — на 103-м месцы.

Праўда, невядома, як паўплывае на гэты рэйтынг інцыдэнт падчас трэніроўкі вайсковага парада, калі наш хуткі танк паслізнуўся на лужыне і знёс слуп проста ў цэнтры Мінска. Падаецца, пару балаў наконт вайсковай вывучкі жаўнераў нам зняць проста павінны.

Дый з рэйтынгам «сацыяльнай прагрэсіўнасці» не ўсё так файна. Відавочна, што нашу сістэму адукацыі ацанілі асобна. А трэба было — у комплексе, з постэфектамі. Адзначыўся на тыдні іншы намеснік прэм’ера, Васіль Жарко, які распарадзіўся аб стопрацэнтным прымусовым размеркаванні на працу студэнтаў ВНУ і каледжаў, якія прайшлі бюджэтную форму навучання. То бок, беларускім ВНУ і каледжам раптам забаранілі выдаваць «свабодны дыплом».

Жарко і на пасадзе міністра аховы здароўя дзівачыў. Памятаеце, быў «свіны грып», калі з паліц аптэк зніклі лекі? А міністр за дзень да афіцыйнага абвяшчэння эпідэміі сцвярджаў у парламенце, што дастаткова абмежавальных захадаў? А як ён атрымаў кватэру за 500 тысяч долараў і пабудаваў катэдж за 1 мільён долараў, калі заробак доктара быў каля 300 усё тых жа долараў? А карупцыйны скандал 2009 года з тым самым размеркаваннем студэнтаў? Закінуць былому міністру ёсць шмат чаго.

А цяпер ён адным распараджэннем зруйнаваў будучыню Балонскага працэсу ў Беларусі, якая і так не вельмі ўстойліва на нагах стаяла. Бо Балонскі працэс прымусовага размеркавання, тым больш «задняй датай», не дапускае. А за выкананне «дарожнай мапы» гэтага працэсу нам даваць справаздачу ўжо вельмі хутка.

Ну і пра прыемнае. Сквер імя Эдуарда Вайніловіча ў Мінску ўсё ж з’явіўся. 27 чэрвеня дэпутаты Мінскага гарсавета падтрымалі рашэнне Мінгарвыканкаму і надалі яго імя зялёнай зоне ў межах вуліц Савецкай і Свярдлова.