У Беларусі адзначаюць галоўнае афіцыйнае свята
У Беларусі адзначаюць галоўнае афіцыйнае свята — Дзень Незалежнасці. Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынята падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года.
Цэнтральнай падзеяй афіцыйных урачыстасцяў стане ваенны парад войскаў Мінскага гарнізона. Прамая трансляцыя мерапрыемства, якое пачнецца ў 10.00, будзе весціся па тэлебачанні і радыё. Аляксандр Лукашэнка ў якасці галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Беларусі прыме парад і выступіць з прамовай.
Лукашэнка даручыў не шкадаваць сродкаў на правядзенне парада да Дня Незалежнасці. "Сродкаў на гэта шкадаваць не трэба, тым больш яны не такія ўжо і вялікія. Ён павінен быць сапраўдным парадам, які ўражвае. Для гэтага і праводзіцца. <...> Бо ёсць што паказаць, і гэта надоўга застаецца ў памяці людзей", — заявіў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з міністрам абароны Андрэем Раўковым у канцы мая.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, на парадзе будзе прадстаўлена 30 злучэнняў і вайсковых часцей, задзейнічана каля 6 тысяч ваеннаслужачых, больш за 500 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. Упершыню будуць прадстаўлены авіяцыя МНС і ДТСААФ, ваенныя верталёты Мі-8МТВ-5 і Мі-24, ваенна-транспартныя самалёты Ан-26 і Іл-76, вучэбна-баявыя Як-130 і Л-39, знішчальнікі МіГ-29 і штурмавікі Су-25.
У Мінску сёння па ўсім горадзе будуць праводзіцца канцэрты, разнастайныя спаборніцтвы, выставы і кірмашы. Так, на пляцоўцы каля Палаца спорту з 11.30 да 23.00 адбудзецца вялікі канцэрт прафесійных і самадзейных творчых калектываў, выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці, святочны кірмаш. З 12.00 да 15.00 тут пройдзе міжнародны турнір па сілавым экстрыме, а ў акваторыі Свіслачы — адкрытае першынство Мінска па парусным спорце.
Вялікі канцэрт пройдзе з 11.30 да 23.00 і на тэрыторыі Верхняга горада. Там жа можна будзе ўбачыць гістарычную рэканструкцыю "Шлях да незалежнасці".
У 21.00 на пляцоўцы каля стэлы "Мінск — горад-герой" пачнецца гала-канцэрт рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Беларусь маладая мая...", а ў 22.50 — традыцыйная акцыя "Праспяваем гімн разам". Святочны салют будзе дадзены з 23.00 да 23.10, пасля чаго каля стэлы працягнецца канцэртная праграма, якая завершыцца ў 1.00.
Святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы — у Мінскім заапарку (з 12.00), Лошыцкім парку (з 11.00), на пляцоўцы перад кінатэатрам "Салют" (з 11.00), парках імя М.Паўлава (з 10.00), "Курасоўшчына" (з 13.00), 60-годдзя Кастрычніка (з 12.00), "Цівалі" (з 13.00), парку Перамогі (з 12.00), у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага (з 12.00), у Цэнтральным батанічным садзе (з 13.00), у Камароўскім скверы (з 12.00).
На ўзмоцнены рэжым нясення службы сёння пераведзены супрацоўнікі МУС, МНС, работнікі хуткай медыцынскай дапамогі.
Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў ходзе рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года. Да гэтага галоўнае дзяржаўнае свята адзначалася 27 ліпеня — яно было прымеркавана да даты падпісання Вярхоўным Саветам БССР у 1990 годзе Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Беларуская апазіцыя не прызнае афіцыйны Дзень Незалежнасці, лічачы, што адлік незалежнасці дзяржавы варта весці з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікай Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 25 сакавіка 1918 года. Штогод прадстаўнікі апазіцыі і іх прыхільнікі святкуюць 25 сакавіка Дзень Волі.
Пяць дзён таму апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч паведаміў Мінгарвыканкаму аб намеры правесці 3 ліпеня ў 14.00 святочны сход на Кастрычніцкай плошчы. Ён заклікаў сталічныя ўлады выканаць патрабаванне Канстытуцыі і забяспечыць "бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства".
БелаПАН