Міліцыянты — журналісту «Бобруйского курьера»: Вас затрымалі, але не перашкаджалі працаваць

Журналіст «Бобруйского курьера» Віктар Качан атрымаў адразу два адказы, «якія апраўдаюць» дзеянні міліцэйскага чыноўніка з УУС Бабруйскага гарвыканкама, што 23-га сакавіка 2017 г. затрымаў журналіста падчас выканання ім сваіх прафесійных абавязкаў.

Віктар Качан на здымках фільма «Паляванне на гаўляйтара», 2011 год

Віктар Качан на здымках фільма «Паляванне на гаўляйтара», 2011 год

У адказе, які прыйшоў з Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэта гаворыцца:
«Устаноўлена, што вашы заявы не ўтрымліваюць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў, прадугледжаных нормамі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а з'яўляюцца скаргай на дзеянні службовай асобы УУС Бабруйскага гарвыканкама, які ажыццяўляў прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым адсутнічаюць падставы для правядзення праверкі...»
У той жа бок і адказ, які прыйшоў праз дзень з УУС Бабруйскага гарвыканкама.
У ім сказана: «Падчас праверкі было ўстаноўлена, што начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Рудзько С. В. вашай законнай прафесійнай дзейнасці не перашкодзіў і з яго боку адсутнічаюць супрацьпраўныя дзеянні».
Артыкул 23.34 КаАП РБ, які пазначаны ў адказе са Следчага камітэта, прадугледжвае пакаранне за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення ці арганізацыі масавага мерапрыемства. Між тым закон «Аб СМІ» РБ надзяляе журналіста СМІ правам прысутнічаць на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю.
У той жа час арт. 198 КК РБ устанаўлівае пакаранне на перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, за ўціск яго правоў і законных інтарэсаў. Таму Віктар Качан і падаваў свае скаргі», – каментуе гэтыя падзеі службе маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка.
Цяпер журналіст «Бобруйского курьера» кансультуецца з юрыстамі БАЖ і плануе свае далейшыя прававыя дзеянні. Бо «праверачныя мерапрыемствы» праведзены Следчым камітэтам і УУС, відавочна, неаб'ектыўна, не былі дапытаныя сведкі па гэтай «справе» — тыя людзі, якіх міліцыя затрымала каля будынку Бабруйскага суда разам з Віктарам Качаном.
Нагадаем, 23-га сакавіка 2017 г. журналісты «Бобруйского курьера» Віктар Качан і Ганна Дусь па заданні рэдактара прыйшлі да будынка суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска, каб асвятліць працэс па справе грамадскай актывісткі, арганізатаркі пратэстных акцый Галіны Смірновай. Але былі затрыманыя падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько і дастаўлены ў бабруйскую пракуратуру для «прафілактычнай гутаркі».
Віктар Качан адразу ж падаў заяву ў пракуратуру (у якой і знаходзіўся) на незаконнае затрыманне і парушэнні яго правоў як журналіста. Гэтую заяву пракуратура пераправіла ў мясцовы Следчы камітэт.
У пачатку красавіка журналіст «БК» атрымаў адтуль «здзеклівы адказ» і абскардзіў яго ў вышэйстаячых структурах гэтага ведамства. У выніку Следчы камітэт вырашыў правесці дадатковую праверку па заяве.
Паводле baj.by