Беларусам быць не модна. Жанчына спрабавала праз суд зрабіць памерлага дзеда палякам
Калі ў цябе нездаровы сусед на ўсходзе, а ўсё самае салодкае, як падаецца, на захадзе — у галаву лезуць розныя думкі. Беларуска (ці хто яна?) падала ў суд заяву, каб яе памерлых дзеда і маці запісалі ў дакументах палякамі. Гэта дало б ёй права «несці гісторыю сваёй сям'і». Што вырашыў суд?
Суд ёй адмовіў. Пастанова апублікавана ў Банку судовых рашэнняў.
Суду мінчанка ўказала, што звярнулася ў ЗАГС з заявай аб унясенні зменаў у запіс акта аб нараджэнні яе маці — яна прасіла змяніць звесткі пра бацьку маці, яе дзеда, з «беларус» на «паляк». Аднак ЗАГС ёй адмовіў, і мінчанка звярнулася ў суд.
Як пазначана ў пастанове суда, згодна з выпіскай з архіва, нацыянальнасць дзеда мінчанкі — паляк. Але ў пасведчанні аб нараджэнні маці пазначана, што яна беларуска.
Заўважым, што нацыянальнасць магла быць пазначаная проста з улікам месца нараджэння чалавека. Гэта мог бы быць рэгіён Заходняй Беларусі, што ў 1921-1939 гг. знаходзілася ў складзе Польшчы.
Жанчына расказала, што маці яе ўжо памерла. Але пры жыцці яна лічыла сябе полькай, казала аб тым, што дзед быў паляк. Але з заявай аб змене нацыянальнай прыналежнасці яна не звярталася.
Мінчанка хацела праз суд дабіцца таго, каб нацыянальнасць яе дзеда і маці былі зменены, для таго, каб у далейшым змяніць і сваю нацыянальную прыналежнасць. Яна патлумачыла, што гэта неабходна для захавання памяці сваёй сям'і і роду.
Суд, заслухаўшы мінчанку, палічыў неабходным спыніць вядзенне па справе. Аргументамі для такога рашэння паслужыла тое, што ўстанаўленне факту нацыянальнай прыналежнасці не прыводзіць да мінчанкі юрыдычных наступстваў.
Акрамя таго, суд прывёў у якасці доваду і той факт, што маці жанчыны на працягу свайго жыцця не звярталася ў ЗАГС з заявай аб змене нацыянальнасці.
Давайце лепш людзьмі звацца, беларусы!