Беларусь выходзіць супраць вайны: акцыі ля ўчасткаў і затрыманні
Акцыі пратэсту супраць вайны адбываюцца па ўсёй краіне.
Мы збіраем сведчанні пратэстаў, дасылайце іх у наш тэлеграм-бот. Ананімнасць пры публікацыі гарантуем.
***
У Наваполацку затрымалі жанчыну за тое, што яна сфатаграфавала бюлетэнь. Стала вядома пра затрыманне ў Наваполацку Ганны Доі — сябры выбарчай камісіі ўбачылі, што яна сфатаграфавала бюлетэнь.
***
Каля школы ў Малінаўцы, дзе сёння праходзіць рэферундум, народ прыйшоў сказаць: "Слава Украіне!", "Не вайне!".
Сёння каля 14:00 каля бараўлянскай школы сабралася больш за 200 чалавек. Людзі скандавалі "Слава Украіне!", "Героям Слава!", "Жыве Беларусь!". Праз 10 хвілін з'явілася 5 АМАПаўцаў у чорным, людзі спакойна калонай пайшлі да сельсавета на плошчу. Пастаялі там крыху і прыехалі 2 машыны з АМАПам, але нават не выйшлі з машыны, стаялі назіралі. Людзі сталі паступова разыходзіцца.
У Слуцку на плошчы Леніна людзі пратэставалі супраць вайны з Украінай. На гэты час затрымалі 5 чалавек — траіх мужчын і дзвюх жанчын.
Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, на ўчастку для галасавання ў СШ №9 у Магілёве пасля просьбы выбаршчыкаў паказаць пратаколы з вынікамі датэрміновага галасавання, члены камісіі выклікалі на іх міліцыю. Прыехалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Цімур Пархоменка і, мяркуючы па апісанні, Васіль Карніенка. Абышлося без затрыманняў. Магілёўцы выказалі сілавікам незадаволенасьць удзелам Беларусі ў вайсковым канфлікце з Украінай, пасля чаго бакі разышліся.
У 16 гімназію Мінска сёння каля 14.50. прыехалі аўтазакі і выбеглі амапаўцы. Людзей папярэдзілі, большасьць пачалі разыходзіцца на хвіліну раней. А было шмат, разы ў 2, а мо і ў 3 больш чым у жніўні 20. Скандавалі "Нет войне", "Слава Украіне".
У Наваполацку шмат затрыманых у РУУС.
У Полацку ў мікрараёне «Марыненка» людзі збіраліся каля школы — міліцыя перапісала даныя і прасіла праходзіць на ўчастак з імі.
На выбарчым участку ў Стайках №69 быў затрыманы Шабунін Канстанцін.
Каля школы №27 ў Мінску затрымалі Рыгора Каменюка і дзяўчыну з плакатам «НЕТ ВОЙНЕ».
У Мінску, каля школы нумар 40 адбываюцца затрыманні людзей, якія сабраліся ў дворыку, пасля галасавання. Працуе АМАП у поўнай экіпіроўцы
У Жодзіна каля выбарчых участкаў затрымліваюць тых, хто пасля 14:00 выходзіць з участка і стаіць побач з ім. Пра гэта паведамляе @expressby
У Мінску паведамляецца пра затрыманне Генадзя Шкрэда. Яго вязуць у РУУС Цэнтральнага раёна.
Мінчане паведамляюць, што да некаторых школ у Каменнай горцы, дзе сабраліся людзі, ужо пад'ехаў АМАП.
Людзі не разбягаюцца — спакойна адыходзяць за плот і працягваюць стаяць.
На ўчастак для галасавання ў СШ 8 Мінска зайшла дзяўчына з плакатам супраць вайны і не выйшла.
На ўчастку для галасавання №59 (вул. Чурлёніса) затрымалі хлопца са сцягам Украіны.
У Лошыцы на ўчастку ля гімназіі чалавек 50 сабралася, скандуюць "Не вайне". Частка потым сабралася ў калону і пайшла.
У Магілёве затрымалі пажылую жанчыну. Каля «Беларускага дзяржуніверсітэта харчавання і хімічных тэхналогій» (былы МДУП) супрацоўнікі АМАП затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку пажылую жанчыну.
Таксама сілавікі адагналі ад будынка ўніверсітэта, дзе размяшчаецца ўчастак для галасавання, пару з дзецьмі.
У Гродне затрымалі дзяўчыну, якая выйшла на адзіночны пікет.
У Баранавічах каля школы №10 затрымалі як мінімум некалькі мужчын, пенсіянерку з плакатам «Украіна, мы з вамі» і дзяўчыну
Сярод затрыманых — Віталь Цапкоў, які стаяў удалечыні і гаварыў па тэлефоне.
Праваабаронцам вядома пра затрыманне ў Мінску Антона Залацёнкава (каля СШ №8) і Івана Макланава (каля гімназіі №35).
У Докшыцах каля 14:00 затрымалі Таццяну Дорц. Яна выйшла на плошчу каля райвыканкама з плакатам супраць вайны. Праз пару хвілін пад'ехалі ДАІшнікі, затрымалі, павезлі ў РАУС.