Беларусь можа накіраваць у Сірыю вайсковы кантынгент
Прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін даручыў Мінабароны і МЗС РФ правесці перамовы і падпісаць з Беларуссю пагадненне аб супрацоўніцтве ў аказанні гуманітарнай дапамогі Сірыі.
Адпаведнае распараджэнне апублікавана на афіцыйным расійскім інтэрнет-партале прававой інфармацыі, паведамляе РІА «Новости».
«Ухваліць прадстаўлены Мінабароны Расіі ўзгоднены з МЗС Расіі і іншымі зацікаўленымі федэральнымі органамі выканаўчай улады, Вярхоўным судом РФ, Следчым камітэтам РФ і папярэдне прапрацаваны з беларускім бокам праект пагаднення паміж урадам РФ і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне аказання гуманітарнай дапамогі Сірыйскай арабскай рэспубліцы. Даручыць Мінабароны Расіі правесці сумесна з МЗС Расіі перамовы з беларускім бокам і па дасягненні дамоўленасці падпісаць ад імя ўрада РФ указаную дамову, дазволіўшы ўносіць у прыкладзены праект змены, якія не маюць прынцыповага характару», — гаворыцца ў дакуменце.
«Гэтым пагадненнем рэгулююцца пытанні, звязаныя з удзелам беларускага воінскага кантынгенту сумесна з адпаведнымі падраздзяленнямі УС РФ у дзейнасці па аказанні гуманітарнай дапамогі на тэрыторыі Сірыйскай арабскай рэспублікі. Беларускі воінскі кантынгент прыцягваецца да выканання мерапрыемстваў выключна ў гуманітарных мэтах па-за зонай баявых дзеянняў», — сказана ў праекце дакумента.
Падкрэсліваецца, што «для ўдзелу ў дзейнасці па аказанні гуманітарнай дапамогі Сірыйскай арабскай рэспубліцы беларускі бок накіроўвае свой вайсковы кантынгент колькасцю да 200 чалавек».