Беларусь апусцілася ў рэйтынгу барацьбы са змяненнем клімату

У рамках кліматычных перамоў у Мадрыдзе (СОР25) міжнародныя НДА апублікавалі новы Climate Change Perfomance Index 2020 (ССPI). Дакумент разглядае, наколькі дарэчна 61 краіна свету ўкараняе меры па недапушчэнні кліматычных змяненняў.

climate_1_2.jpg

Беларусь у гэтым рэйтынгу з сярэдняга перайшла на нізкі ўзровень. Чаму і чым гэта пагражае, разбіраемся з экспертам па кліматычнай палітыцы Андрэем Піліпчуком.
Праблемы змянення клімату сталі асабліва заўважнымі для грамадскасці ў сыходзячым годзе ў многім дзякуючы актыўнаму ўдзелу моладзі,якая з дапамогай пікетаў і пратэстаў заклікала палітычных лідараў прыкладаць больш намаганняў па недапушчэнні павелічэння выкідаў, прымаць эфектыўныя меры ў барацьбе з кліматычнымі змяненнямі і выконваць прынятыя краінамі абавязкі пры падпісанні Парыжскага пагаднення ў 2015 годзе.
Згодна з даследаваннем Amnesty International, якое было апублікавана ў Міжнародны дзень правоў чалавека, 41% з апытаных маладзёнаў занепакоены змяненнем клімата.
«Вашыя крокі недастатковыя, — казалі бастуючыя за клімат. — Хопіць проста словаў, час дзейнічаць зараз».
Пра тое, што некаторыя краіны сапраўды робяць недастаткова, кажа і CCPI, які штогод рыхтуюць арганізацыі Germanwatch, the NewClimate Institute and the Climate Action Network па афіцыйных справаздачах краін.


Па якіх катэгорыях ацэньваюць краіны

Упершыню індэкс быў апублікаваны ў 2005 годзе. Апошнія тры з іх — CCPI 2018, CCPI 2019, CCPI 2020 — ацэньваюць краіны па чатырох катэгорыях: выкіды парніковых газаў, аднаўляльныя крыніцы энергетыкі, выкарыстанне энергіі і энергаэфектыўнасць, кліматычная палітыка.
Кожная з іх мае свае тэматычныя падкатэгорыі, якія паўтараюцца і тычацца бягучага ўзроўню, трэндаў па змяненні, долі на насельніцтва цi на УВП з улікам мэтаў Парыжскай дамовы па недапушчэнні прывышэння тэмпературы больш, чым на 2°С (мэтавых паказчыкаў на 2030 год). Бадай толькі кліматычная палітыка разглядаецца ў дзяленні на нацыянальную і міжнародную.
Самыя лепшыя паказчыкі ў Швецыі, Даніі і Марока, яны занялі 4, 5 і 6 месцы адпаведна. Першыя тры месцы ўсё яшчэ застаюцца пустымі. Як падкрэсліў Крыстаф Балс, кіраўнік Germanwatch, так здараецца, паколькі ні адна краіна не прымае меры, якія б дазволілі абмежаваць рост тэмпературы 1,5 градусамі.

Нас не чуваць і не відаць

У 2016 годзе Беларусь мела добры старт пасля ратыфікацыі Парыжскага пагаднення. Па словах незалежнага эксперта Андрэя Піліпчука, быў прыняты даволі амбітны план мерапрыемстваў.
У нацыянальным плане па рэалізацыі Парыжскага пагаднення ў Беларусі наша краіна запланавала стварэнне шэрагу дакументаз стратэгічнага ўзроўню, якія задавалі б накірунак для развіцця кліматычнай палітыкі на гады наперад. Гэта і стратэгія нізкауглероднага развіцця эканомікі да 2050 года, і нацыянальны план адаптацыі да наступстваў змянення клімата.
Чакалася, што гэтая і пакет іншых дакументаў будуць гатовыя ўжо да 2018-2019 году, але Беларусі так і не прасунулуся ў пытаннях іх распрацоўкі – вясною 2019 году «дэдлайны» па іх распрацоўцы пасунулі на 2021-2022 год.
Таму зараз Беларусь апускаецца ў рэйтынгу. Тым часам як выкіды працягваюць расці, нягледзячы на тое, што існуе дзяржаўная праграма па іх скарачэнні.
Згодна кадастру парніковых газаў за сем год, з 2010 па 2017 гады, выкіды выраслі на 0,2% — з 93765,87 тон да 93959,64 тон. Гэта абумоўлена адсутнасцю прамых мерапыемстваў па іх скарачэнні у дзяржаўнай праграме «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання на 2016-2020 гады» і тым, што іншыя праграмы не ўтрымліваюць мэтавых паказчыкаў, падкрэслівае эксперт.

ccpi_2020_scorecard_belarus.png

У катэгорыі аднаўляльных крыніц энергетыкі наша краіна займае адно з самых нізкіх месцаў у рэйтынгу. А пасля выхаду ў бягучым годзе Указа прэзідэнта «Аб аднаўляльных крыніцах энергетыкі», перспектываў для таго Беларусь атрымала лепшыя адзнакі, дастаткова мала.
«Пакуль уверх рэйтынга нас цягне ўзровень энергаэфектыўнасці. Ён і дазваляе нам трымацца даволі высока. Па паказчыках кліматычнай палітыкі Беларусь цалкам справядліва упала на 20 пазіцый. Гэта звязана з тым, што голас беларускіх перамоўшчыкаў перастаў быць чутным ў рамках работы над прыняццем правілаў Парыжскага пагаднення», — лічыць Андрэй Піліпчук.


Санкцый не будзе, але з намі не захочуць працаваць

Не сакрэт, што развітыя краіны аказваюць падтрымку больш слабым, у тым ліку фінансавую. Вядома, у сваіх партнёрах яны хочуць бачыць надзейных, паслядоўных актараў, здольных не толькі папрасіць дапамогі, але адэкватна ацаніць рызыкі і кліматычныя выклікі, выявіць свае слабыя бакі і працаваць на перспектыву для адаптацыі.
"У 2018 годзе Беларусь мела 23-е месца, была набліжана да высокага ўзроўню. Адпаведна нас ведалі, чулі, разумелі, што мы паслядоўныя партнёры. І рабіліся намаганні па заключэнні двухбаковых дамоў, аказанні нам дапамогі: фінансавай, тэхналагічнай. А таксама ў нарошчванні патэнцыяла. Калі ж мы на 40-ым, відавочна, ёсць краіны, якія больш сур'ёзна думаюць аб сваім развіцці", — кажа Андрэй Піліпчук.
Акрамя заўважнага зніжэння інтэнсіўнасці ўдзелу Беларусі ў працэсах Рамачнай канвенцыі аб змяненні клімату ААН, стала відавочным і адставанне на рэгіянальным узроўні. Так рэгіянальны праект EU4Climate, скіраваны на развіццё патэнцыяла краін Усходняга партнёрства ў сфере кліматычнай палітыкі і прадугледжваючый сур’ёзную міжнародную экспертную падтрымку ў фарміраванні нацыянальнай заканадаўчай базы і стратэгій развіцця, да сёння не зарэгістраваны ў Беларусі – праз амаль год пасля старту праекта ў астатніх пяці краінах рэгіёну.

Брудныя тавары нікому не патрэбныя

Мэту па скарачэнні выкідаў, прапісаную Парыжскім пагадненнем, па сваёй сутнасці можна прыраўняць да мэты нізкавугляроднага развіцця. Дасягнуць яе магчыма праз укараненне ўласных інавацыйных тэхналогій эканоміі сыравіны і рэсурсаў (перш за ўсё энергетычных) і накіраванне іх на развіццё.
Краіны, якія ставяць перад сабой амбітныя мэты па скарачэнні выкідаў і павелічэнні паглынання парніковых газаў, – энерганезалежныя. Яны абараняюць і паляпшаюць свае тэхналогіі, змяншаюць фінансавыя патокі за межы.
Такім чынам мэта па скарачэнні выкідаў — дакладная, накіраваная на пабудову энергаэфектыўнай, нізкавугляроднай, экалагічна бяспечнай эканомікі.
Тэхналагічна развіццё аданаўляльных крыніц зрабіла рывок, які дазволіў зрабіць іх таннымі і даступнымі. Адапаведна чыстая энергетыка з'яўляецца больш выгоднай, чым традыцыйнае выкапнёвае паліва: мазута, газ, вугаль.
«Калі мы кажам пра рынак прадукцыі, экспарт тавараў, то «брудныя» тавары больш нікому не патрэбныя. Дзеля скарачэння іх імпарту ствараецца ўсё больш бар'ераў і перашкод», — зазначае Андрэй Піліпчук.
Пры адсутнасці стратэгіі нізкавугляроднага рэгулявання і ўстойлівага развіцця — не стае драйвераў для эканомікі. Такім чынам, па словах эксперта, пагрозу для Беларусі ўяўляе не пераход свету на «зялёнае» развіццё, а наша няздольнасць гэта пачуць і зрабіць правільныя высновы.
Мы працягваем інвеставаць у высокавугляродныя праекты, якія першапачаткова не маюць шансаў і перспектыў у новай, нізкавугляроднай эканоміцы.
«Краіны, у тым ліку развітыя, даўно прымаюць мэты па дасягненні кліматычнай нейтральнайсці, актыўна працуюць у гэтым накірунку. Пра што кажуць такія крокі? Дзеля чаго багатыя краіны робяць гэта? Вядома для абароны сваіх рынкаў праз нізкавугляродную стратэгію», — падкрэслівае Андрэй Піліпчук.
На сярэдзіну 2019 года існавала 25 схем падаткаабкладання і 26 — гандлю выкідамі. За першы квартал 2019 года сума з гэтых схем склала 37 мільярдаў долараў. У параўнанні з 2017 годам (32 мільярды) і 2018 годам (45 мільярдаў) відавочна яна перавысіць папярэднія.

climate_3_0.jpg

У прагнозах Міжнароднага валютнага фонду падаткавыя кошты на вуглярод будуць расці, дасягнуўшы да 2030 года 75$ за тону. Такім чынам еўрапейскія краіны намагаюцца стымуляваць свае прадпрыемствы скараціць вугляродны след і перайсці на «чыстую» вытворчасць.
У такім абставінах, зразумела, што краіны будуць абараняць свае рынкі ад кліматычна небяспечных тавараў, падтрымліваючы кліматычна нейтральных вытворцаў.
Відавочна, дзяржавы, якія не выкарыстоўваюць інструменты скарачэння выкідаў парніковых газаў, не змогуць падтрымліваць канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі на сусветным рынку. У большасці сваёй гэта тычыцца энергаёмкай і вугляроднай прадукцыі, доля якой празмерна высокая ў эксперце Беларусі.
«На сёння ў нашай краіне не створана ўмоваў для ўнутраняга гандлю вугляроднымі адзінкамі, адсутнічае інфраструктура для накаплення сродкаў, якія магчыма пусціць у кліматычныя мерапрыемствы. Да нашых вытворцаў не даведзена неабходнасць працаваць у кірунку нейтральнасці, сыходзіць ад залежнасці ад выкапнёвага паліва», — зазначае Андрэй Піліпчук.
greenbelarus.info