Асобная думка. Год сурка
Перагорнута новая старонка сусветнага летапісу, змянілася чарговая лічба, але праблемы і надзеі засталіся. Дарэмна палілі паперкі з пажаданнямі і запівалі іх шампанскім, дарэмна рагаталі і шарахалі феерверкамі ў дажджлівую ноч, пужаючы сабакаў ды котак. Пачатак новага году ўжо звыкла нічым не адрозніваецца ад канчатку мінулага ды й папярэдніх таксама.
З мінулага году мяне не пакідае ўражанне, што ўлады канчаткова пераканаліся ў думцы, што насельніцтва Беларусі, як адзін чалавек, усё хворае на галаву. Нейкі такі калектыўны Альцгеймер, абцяжараны атэрасклерозам галаўнога мозгу. Кожны дзень у кожнага, хто жыве ў Беларусі, — дзень сурка, з толькі той розніцай, што герой знакамітага кіно памятае, што з ім адбывалася, а жыхар блаславёнага «сасуда» — не.
Ну а як інакш можна патлумачыць амаль штохвілінныя аўдыёвізуальныя напаміны аб «выбарах прэзідэнта»? Кожныя 20-100 метраў абавязкова ці плакат, ці налепка, цы экран. Нават у эфірах ФМ-радыё бадзёра-салодкі голас мінімум раз у паўгадзіны абвяшчае аб незямным шчасці і парадку ўдзелу ў гэтай эпахальнай падзеі. Навошта гэта робіцца — незразумела. А калі прыгадаць, што праўладныя СМІ ды тэлеграм-каналы ўзахлёб расхвальваюць беларускую рэчаіснасць ды насельніцтва, якое толькі і марыць, каб абраць саміведаецекаго ў чарговы раз, радасна абсмоктваюць навіны аб нейкім высокім месцы беларусаў у сусветным рэйтынгу IQ, то незразумеласцяў яшчэ больш.
Магчыма, такім чынам спрабуюць павялічыць яўку на выбарчыя ўчасткі. Але ж прыхільнікі дзеючай улады і без гэтага паслухмяныя людзі і, хутчэй за ўсё, большасць з іх прагаласуе датэрмінова. Да і ў дзень галасавання ўчасткі пуставаць не будуць, бо яшчэ трывае шмат у каго звязка «выбары-буфет». Усё складана з тымі жыхарамі, хто, мякка кажучы, не падтрымлівае існуючы парадак — ужо не першы месяц іх «прафілактуюць» самыя розныя ўстановы. Некаторым прама кажуць, што іх прысутнасць на выбарчым участку непажадана, хаця ніхто з іх, насамрэч, туды ісці і не збіраецца. Навошта марнаваць на гэта столькі часу занятых супрацоўнікаў? Можна проста заканадаўча забараніць удзельнічаць у выбарах на 10 гадоў тым, хто прыцягваўся па адпаведных артыкулах Крымінальнага ды Адміністрацыйнага кодэксаў, і няма пра што тут прафілактычна гутарыць. Недапрацавалі!
Прадказальна працягвае сядзець у лужыне апазіцыя. За чатыры з паловай гады, маючы вельмі крутыя стартавыя пазіцыі, настолькі бязглузда і натхнёна іх здаць і захрасці ва ўжо здаецца дзясяткі разоў пройдзенай сварцы «а ты хто такі?» — такое можа толькі беларуская апазіцыя на чале з тымі ж дзясяткі гадоў усім вядомымі асобамі. Супадзенне? Магчыма.
Ведаеце, вось гэта ўсё, што сёння адбываецца, досыць лагічна і неабходна. Менавіта зараз мы ўсе бачым, як уяўляюць узорную выбарчую кампанію існуючая ўлада і саміведаецехто. Паводле іх выказванняў, усё праходзіць як мага лепш! Адзін з кандыдатаў ужо не першы раз нават адкрыта заяўляе, што ход кампаніі яго не цікавіць — маўляў, спраў зашмат. Дзе яшчэ можна сустрэць такое адкрытае грэбаванне галоўнай палітычнай падзеяй так любімай ім «пяцігодкі»? Як такое можа быць у нармальнай краіне? Толькі ў адным выпадку — рэзультат даўно вядомы і змагацца тут няма за што. Лепей у ААЭ ці Кітай зганяць, ну...
Як уяўляе ўзорную выбарчую кампанію апазіцыя мы ў гэты раз так і не даведаліся.
Вынік дастаткова прадказальны. Астатнім буфет ці «ганаровае» званне кандыдата ў прэзідэнты-2025.