Арыштаваны ў ЗША за дапамогу ў абыходзе санкцый беларус звязаны з БМЗ
У 2000-я Сяргей Карпушкін жыў у Жлобіне і працаваў на Беларускім металургічным заводзе. Кампанія Commodity General Trading USA, LLC (Cogentra), якую ён сёння прадстаўляе, — афіцыйны дылер БМЗ у Паўночнай Амерыцы.
Яшчэ ў лістападзе 2022 года Cogentra пазначалася ў дакументах як пакупнік прадукцыі жлобінскага прадпрыемства, высветліла «Е*рарадыё» з дапамогай беларускіх «К*берпартызан».
Нагадаем, што ў красавіку 2023 года Карпушкіна арыштавалі па падазрэнні, што цягам трох гадоў ён дапамагаў абыходзіць амерыканскія санкцыі расійскаму алігарху Сяргею Курчанку. Следства мяркуе, што беларус і яго амерыканскі саўдзельнік Джон Унсалан закупілі для дзвюх звязаных з Курчанкам кампаній сталеплавільныя матэрыялы на $150 млн.
Калі Сяргея Карпушкіна прызнаюць вінаватым, яму пагражае да 20 гадоў турэмнага зняволення.
«46-гадовы Сяргей Карпушкін з Маямі, грамадзянін Беларусі, быў арыштаваны і абвінавачаны федэральным крымінальным судом ва ўдзеле ў схеме парушэння санкцый ЗША супраць алігарха Сяргея Курчанкі і дзвюх звязаных з ім кампаній шляхам куплі матэрыялаў для вытворчасці сталі на суму большую за 150 мільёнаў долараў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінюста ЗША.
Сяргей Курчанка — грамадзянін Украіны. Пасля Еўрамайдану ён пераехаў у Беларусь, а затым у Маскву. Пры прэзідэнце Віктары Януковічу ён быў адным з найбагацейшых людзей Украіны і лічыўся адным з найбуйнейшых у краіне гандляроў вуглевадародамі.
Дзве кампаніі, якія патрапілі пад санкцыі (ТАА «Кампанія Газ-Альянс» (Газ-Альянс), зарэгістраваная ў Расіі, і ЗАТ «Знешгандальсэрвіс» (Знешгандальсэрвіс), зарэгістраваная ў непрызнанай Паўднёвай Асеціі), былі ўключаны ў санкцыйны спіс ЗША ў 2018 годзе за аказанне матэрыяльнай падтрымкі так званым «ДНР» і «ЛНР».