Анастасія Крупеніч-Кандрацьева не выйшла на волю пасля 111 сутак арышту
Палітзняволеная Анастасія Крупеніч-Кандрацьева 4 лістапада не выйшла на волю пасля 111 сутак адміністрацыйнага арышту. Як піша «Еўрарадыё» са спасылкай на тэлеграм-канал @spiski_okrestina, відаць, адбылося «перазатрыманне» — міліцыя аформіла дзявятае запар яе «затрыманне» і пакінула за кратамі. Чакаецца новы суд.
5 лістапада мусіць выйсці на волю пасля 112 сутак адміністрацыйнага арышту муж Крупеніч-Кандрацьевай палітвязень Сяргей Крупеніч. І яго можа чакаць «перазатрыманне».
26-гадовых Анастасію і Сяргея першы раз затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. На іх склалі пратаколы за перасыл адно адному навін з тэлеграм-каналаў, якія ў нашай краіне прызналі «экстрэмісцкімі». Суткі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы пастаянна дадаюцца, і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева разам з мужам застаюцца на Акрэсціна. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Калі маладых людзей нарэшце адпусцяць, ім давядзецца аплаціць харчаванне ў ЦІПе. Адзін дзень каштуе 14 рублёў і 50 капеек. Атрымліваецца вялізная сума.