Палітвязень Антон Бяленскі: «Чакаем» — гэта слова-сігнал для сваіх, амаль як «Жыве Беларусь!»

«Лёгка быць разумным постфактум, думаць, ну ладна, сапраўды ж мусіў ведаць, чым усё скончыцца... Шкадуеш? То там ніколі не было шкадаванняў, бо даведваешся пра свет, пра людзей, пра тое, у якіх сітуацыях яны бываюць. Як сказаў адзін з палітвязняў: «дробязі жыцця сталі яшчэ больш дробнымі», — распавёў палітвязень «Нашай Ніве».

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла

Малады паспяховы прадпрымальнік Антон Бяленскі быў валанцёрам штаба Бабарыкі. Але ўжо 10 жніўня хлопца затрымалі на вачах яго дзяўчыны. 7 месяцаў Антон правёў у СІЗА, пасля быў асуджаны на год і 6 месяцаў «хіміі», з пераразлікам дзён у папраўчай установе ён прабыў з 12 ліпеня па 29 кастрычніка 2021 года. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Антон расказаў «Нашай Ніве» пра свае шкадаванні, «хімію», планы і жыццё «з пачуццём небяспекі».

«Наша Ніва»: Вы былі на волі, пакуль чакалі адпраўлення на «хімію». Напэўна, магчымасці пакінуць Беларусь у вас былі. Чаму вы іх не выкарысталі?

Антон Бяленскі: Людзей, якія не з’язджаюць, жа большасць. Бо гэта складаны момант: трэба прыняць рашэнне на дарогу ў адзін бок. Кошт такога рашэння можа быць вельмі высокім.

Збегчы — не самы складаны шлях. Але 4,5 месяца «хіміі» не так і шмат, калі пасля ў мяне застаецца магчымасць вярнуцца ў Беларусь. Можа быць, калі б мне пагражаў іншы тэрмін, я б і думаў інакш.

Ды і на «хіміі» ты маеш тэлефон, ходзіш на працу — гэта не так драматычна, гэта можна перажыць. І пасля 7 месяцаў СІЗА некалькі месяцаў «хіміі» здаваліся такім апошнім рыўком — яшчэ трохі і ўсё гэта нарэшце скончваецца.

«НН»: Чаго баяліся перад паездкай на «хімію»?

АБ: Ды нічога. Можна было хвалявацца толькі пра не вельмі добрыя ўмовы. «Хімія» ж адносна адкрытая ўстанова, ёсць выхады ў краму, спатканні. Пакуль я падаваў апеляцыі, то ўжо разумеў усе плюсы і мінусы «хіміі», варыянты працы, што там можна, чаго нельга.

Калі б яшчэ можна было займацца сваёй працай, то чалавек фактычна абмежаваны ў тым, што не можа спаць і есці дома.

«НН»: А дзе і кім працавалі падчас «хіміі»?

АБ: Я быў вязальшчыкам жгутоў. Цікавая праца, дарэчы, у параўнанні з грузчыкам ці прыбіральшчыкам.

Прасцей кажучы, па канвееры едзе дрот, да яго прывязваецца другі, трэці. Гэта быў завод «Радыёхваля».

«НН»: Якія заробкі?

АБ: Абяцалі мінімум 600 рублёў, але толькі раз атрымалася недзе 660. Але не буду нагаворваць, бо чуў, што сярод «хімікаў» магчыма зарабіць і 1200 рублёў на гэтым жа прадпрыемстве. Але для гэтага ўжо трэба мэтанакіравана жыць толькі працай.

«Шкадуеш? То там ніколі не было шкадаванняў»

«НН»: Ёсць моманты, у якіх на «хіміі» цяжэй, чым у СІЗА?

АБ: СІЗА гэта сум, цяснота, вільгаць. Але тут з якога боку глядзіш. Калі на «хіміі» трэба насіць камяні, то гэта цяжэй, чым у СІЗА, дзе не трэба працаваць.

У СІЗА, калі ты кожны дзень чакаеш, што гэта хутка скончыцца і пойдзеш дадому — не так цяжка. Калі ты разумееш, што гэта надоўга, без падтрымкі, і адчуванне, што хутка канец ужо знікае — вось тады СІЗА цяжэй за любую працу.

Таму скажу так — гэта два розных перыяды, не трэба параўноўваць.

«НН»: Як да вас ставіліся калегі на заводзе?

АБ: Калі я ўладкаваўся, працаваў разам з маладымі хлопцамі. Яны пытаюцца, як трапіў на працу? Адказваеш, што «хімік» і тлумачыш, што «нетыповы хімік», бо звычайна ж на «хіміі» сядзяць за аліменты, дробныя злачынствы.

І калі расказваеш сваю гісторыю, то кепска ніхто не ставіцца. Як правіла, задаюцца адны і тыя ж пытанні: а навошта гэта было табе трэба? А ці не шкадуеш? І гэтак далей.

«НН»: Дарэчы, а ці не шкадуеце?

АБ: Пытанне складанае, бо пастаянна нібыта мусіш даказваць свой адказ. І гучыць гэтае пытанне вельмі часта, часам нават пачынаюцца сумневы, ці правільна ты на яго адказваеш, калі яго пастаянна задаюць?

Я думаю, што не шкадую. Бо лёгка быць разумным постфактум, думаць, ну ладна, сапраўды ж мусіў ведаць, чым усё скончыцца. Іншы момант, што калі гэтыя 1,5 года разбіць на маленькія кавалкі часу і пытацца ў самога сябе: ці зрабіў я нешта карыснае?

Шкадуеш? То там ніколі не было шкадаванняў, бо даведваешся пра свет, пра людзей, пра тое, у якіх сітуацыях яны бываюць. Як сказаў адзін з палітвязняў: «дробязі жыцця сталі яшчэ больш дробнымі».

І гэта ўсё-ткі вопыт. Не той, да якога трэба імкнуцца, але гэта таксама жыццё. І сказаць, што я шкадую, гэта як доктара спытаць, ці ён шкадуе, што стаў доктарам, і яму цяпер прыходзіцца працаваць з кавідам. Не тое, каб я параўноўваў сябе з доктарам, але ў тых ці іншых жыццёвых сітуацыях ужо не так шмат залежыць непасрэдна ад цябе. І пасля адбылося так шмат «чорных лебедзяў», што сітуацыя такая, як мы бачым сёння.

Таму кожны дзень ты зноў і зноў адказваеш на пытанне, ці не шкадуеш пра свой выбар. І часам ужо не можаш адназначна адказаць, што шкадаванняў няма, але пасля сітуацыя мяняецца і мяняецца твой адказ.

Усё ж я чалавек, бываюць і хвіліны адчаю. Але я веру, што ў будучыні ёсць такая кропка, пасля якой я адназначна скажу: не шкадую, усё, што адбылося, было не дарма.


«НН»: Вы самі прапанавалі пагаварыць пра страчаны час. Раскажыце падрабязней, што мелі на ўвазе.

АБ: Уся мая гісторыя пачалася раней, яшчэ ў маі 2020 года. І хоць мяне затрымалі ўжо 10 жніўня таго ж года, гэтыя месяцы я не магу назваць страчанымі. Гэта быў самы незабыўны час у жыцці.

Але гэтыя паўтары гады, калі я правёў сем месяцаў у СІЗА, пасля некалькі месяцаў на волі, пакуль падаваліся апеляцыі, пасля некалькі месяцаў на «хіміі», усё роўна праходзяць у маім жыцці пад адным хэштэгам: #Жнівень 2020, #выбары, ці неяк так.

Што я набыў за гэты час — погляд на праблемы стаў іншым. Я навучыўся інакш глядзець на цяжкасці, успрымаць іх як задачу, як гульню. Рашучасць і мэтанакіраванасць дакладна з’явіліся.

А згубіў я час. Здавалася, што «хімія» будзе зусім невялікім кавалкам. Але цяпер узгадаць, дзе ты спыніўся — і разумееш, што на нейкіх тваіх занятках ужо ляжыць пыл, а некаторыя зусім ужо неактуальныя, бо прайшло 1,5 года.

«Я не лічу, што мяне трэба было выпраўляць»

«НН»: Якое стаўленне было ў работнікаў адміністрацыі да вас, да іншых «хімікаў»?

АБ: Сярод іх таксама ёсць людзі. І ўнутры яны самі разумеюць, хто з іх нармальны і адэкватны. Калі я ўжо выходзіў, забіраў там пэўныя рэчы, адзін з работнікаў сказаў мне: ну ўсё, шчасліва! Я адказаў: «Жыве Беларусь!» І ён… не адказаў, але вельмі правільна на мяне паглядзеў.

А таксама з’явілася новая фраза: «Чакаем». Гэта амаль што аналаг «Жыве Беларусь», сігнал для сваіх, які значыць, што мы чакаем, што час на нашым баку. І такіх сігналаў шмат.

Прычым, з часам заўважаеш, што чалавечае стаўленне ніхто не адмяняў. Калі бачаць, што ты разумееш правілы, не касячыш, не правакуеш, то і ты пачынаеш разумець тую мяжу, па якой можна прайсці. Умоўна кажучы, разумець, калі можна прысесці на ложак (што забаронена), а калі — не.

«НН»: А іншыя «хімікі» ставіліся да вас нармальна? Зонаўскіх правілаў не насаджалі?

АБ: Ставіліся нармальна, ды і «хімія» — гэта ж людзі, асуджаныя за аліменты, гэта месца, дзе цябе водзяць у паліклініку, дзе ты пішаш заяву на паход у краму, працуеш. Ды і на «хімію» трапляюць людзі, якія становяцца на так званы шлях выпраўлення яшчэ ў калоніі. Таму там гэтыя «правілы правільнага зэка» размываюцца.

«НН»: На вашую думку, «хімія» выпраўляе людзей?

АБ: Прывяду ў прыклад такую штуку: у прыбіральні хтосьці брудзіў. Чалавека злавілі і пытаюцца: «Навошта? Вось жа ёршык, вазьмі і прыбяры пасля сябе!»

А ён кажа: «Дык я не ведаў, навошта гэта, які ёршык у вёсцы?»

Ці іншы прыклад — мужык піў усё жыццё, то працаваў, то не, а пасля трапіў на «хімію», дзе ён два гады працуе, не п’е, займаецца спортам. Выправіўся ён? Можа і не. Але ён дакладна жыў гэтыя два гады лепш, чым жыў раней. І такіх прыкладаў там хапае.

Я глядзеў перадачу пра скандынаўскія турмы, дзе людзі працуюць, могуць узяць выходныя, каб схадзіць дадому. Дык беларуская «хімія», канечне, не зусім тое, але ёсць агульныя моманты. І ў некаторых асуджаных на «хіміі» праца нават лепшая, чым была на волі. Нават вось так.

Ды і выгляд: калі бачыш, які чалавек прыехаў, а які ён праз два-тры месяцы, то бачыш розніцу. Сыходзіць чырвань з твару, алкагольная апухласць. Магчыма, такіх людзей менавіта так і трэба выпраўляць — не калоніяй, а якраз працай і сацыялізацыяй.

Калі ж пытацца, ці выправіла «хімія» мяне, то тут я не лічу, што мяне трэба было выпраўляць.

«Адчуванне іншай краіны — бо краіна моцна раскалолася»

«НН»: Вы выйшлі 5 сакавіка 2021 года з СІЗА. Гэта была іншая краіна, у параўнанні са жніўнем 2020?

АБ: Правільней сказаць, што краіна зусім іншая. Але ў СІЗА інфармацыю атрымліваеш маленькімі кавалачкамі, таму мне здавалася, што на волі цяпер будзе проста выпаленая зямля, ці амаль стан вайны.

Але правёўшы пэўны час на волі, я зразумеў, што ўсё не так. Адчуванне іншай краіны — бо краіна моцна раскалолася. Дыстанцыя паміж людзьмі «з розных берагоў» павялічылася, таму і здаецца, што краіна іншая.

Людзі зрабілі свой выбар. І ў маёй сям’і, нягледзячы на тое, праз што прайшоў я, праз што праходзіць мой бацька, нават у сям’і ёсць людзі з меркаваннем, якое адрозніваецца ад майго.

Прапаганда працавала, і працавала з усіх бакоў. І пры гіганцкіх высілках аднаго з бакоў, частка людзей у пул сваіх меркаванняў узяла і прапаганду.

«НН»: І як вы падтрымліваеце зносіны са сваякамі, якія маюць супрацьлеглы погляд на сітуацыю?

АБ: Спрэчка ідзе бясконцая, але ж даводзіцца быць не настолькі катэгарычным, проста ў сіла сваяцтва. Разумееш, што гэта як пытанне вакцынавання: аргументаў і за, і супраць шмат.

Усе бяруць нейкія наборы фактаў: «ва Украіне горш», «я званіла тым, у тых яшчэ горш», і гэтак далей. І табе трэба паціху іх адукоўваць, адстойваць свае інтарэсы. Пастаянна тлумачыш, што факты, якія людзі бяруць для сваіх меркаванняў, вельмі прыватныя, і часам проста больш падобныя на фантастыку.

«Кожнаму, з кім ты не згодны, ты можаш сказаць: добра, пастаў сябе на маё месца»

«НН»: А што такія сваякі кажуць пра вашу гісторыю? «Адсядзеў — ну і значыць сам вінаваты»?

АБ: Гэта важнае пытанне. Бо кожнаму, з кім ты не згодны, ты можаш сказаць: добра, пастаў сябе на маё месца. І тут працуе стандартны набор пытанняў «з таго боку». Ці ты не ведаў, што так будзе? Ці ты не ўсведамляў, калі ішоў?

У супрацоўнікаў органаў, дарэчы, калі размова заходзіць у тым жа накірунку, нібыта пачынае працаваць нейкая метадычка і абавязкова задаюцца такія ж пэўныя пытанні: ты што, не ведаў, што будзе? Табе што, кепска было? Галадаеш? А ты сам бачыў, што ў калгасах праблемы?

Тут ты хочаш не хочаш, а кажаш: не, мне было не кепска, не, дохлых кароў у калгасах не бачыў.

Але ж разумееш, што гэта проста людзі, якія выбралі ці той бок, ці нейтралітэт проста знайшлі некалькі апраўдальных пытанняў для сябе, якія дапамагаюць думаць, што іншы бок вядзе сябе эмацыйна і неабдумана.

Ды і сваякі мае часам кажуць, нават гледзячы на мяне пасля адсідкі, што ўсё не так кепска: ты ж цэлы, жывы, здаровы, вунь, пасміхаешся. Напэўна, калі б я выйшаў у горшым стане, збіты і без зубоў, яны б, напэўна, проста адмовіліся б мне верыць.

«НН»: А як вы самі адказваеце для сябе на гэтыя стандартныя пытанні? Сапраўды, выйшлі, бо не думалі, што ўсё скончыцца такой жорсткасцю з боку дзяржавы? І ўвогуле, навошта вы палезлі ва ўсё гэта: малады, паспяховы чалавек, з грашыма, з прыгожай дзяўчынай…

АБ: Дык а што я такога зрабіў? Я што, не магу збіраць подпісы? Здаецца, магу… Закон мы не парушалі.

Пра мой удзел у падзеях — любы прадпрымальнік разумее, што канкурэнцыя стымулюе бізнес, развівае яго. І прадпрымальнік выступае за падтрымку канкурэнцыі паўсюль: у бізнесе, у палітыцы, у поглядах.

Як мінімум, каб нараджалася і фарміравалася канкурэнтнае асяроддзе, вось чаму я ўдзельнічаў у гэтым. Ды і Бабарыка вельмі някепскі кандыдат, я раней так лічыў, і цяпер працягваю. У яго выдатнае рэзюмэ для такой пасады.

Калі падарожнічаеш па свеце, то бачыш, што паўсюль усё мяняецца, і перамены могуць быць да лепшага. Тая ж Украіна, хто б што не казаў, там горш не стала. Так, шмат хто скажа, што не стала і лепш — але ж дакладна не горш. І раней ці пазней сітуацыя там пачне мяняцца да лепшага.

«НН»: Тут вам любы глядач дзяржТБ адразу скажа: як ва Украіне не стала горш? А вайна?

АБ: А ў нас тады што? У нас што, нічога не змянілася? Людзі не бягуць з краіны? У турмах пуста? Няма забітых?

Па-рознаму можна глядзець на гэта.

І ў Расіі ж таксама вайна, атрымліваецца, там жа ўдзельнічаюць расійскія войскі. Але ж там нічога не змянілася, а ва Украіне пагоршылася?

«Назаву свой стан не страхам, а жыццём «у чаканні небяспекі»

«НН»: А якія пачуцці цяпер, пасля некалькіх месяцаў «хіміі»? Беларусь адрозніваецца ад той, што была паўгода таму?

АБ: У паводзінах людзей шмат што мяняецца, бо і сур’ёзны раскол, і палітычны крызіс, і пандэмія. Таму заўважна, што перамены ёсць. Калі паслухаць, пра што размаўляюць людзі, то ў сакавіку 2021 мне здавалася, што ўсё яшчэ абмяркоўваюцца падзеі жніўня 2020. Сёння я пакуль не так шмат часу правёў на волі, але ўражанне, што людзі пачынаюць проста шукаць спосабы жыць у новай рэальнасці. Гэта як з кавідам. Глабальная перамена — што затухае і знікае ініцыятыва.

«НН»: Што будзеце рабіць цяпер?

АБ: З’язджаць не планую. Збіраюся дыверсіфікаваць сваё жыццё — пабудаваць яго так, каб можна было працаваць у любой краіне свету, бо нават без палітычных рызыкаў, эканамічныя рызыкі прывялі да таго, што ўсе актывы патаннелі і згубілі ў ліквіднасці. Вось пра гэта варта задумацца.

І ў планах — вярнуцца на пачуцці, якія я адчуваў да жніўня 2020 года. Гэта і пра фінансы, і пра свабоду.

«НН»: Сёння шмат хто адзначае, што знаходзячыся ў Беларусі адчувае пастаянны штодзённы страх. Вам страшна?

АБ: Не скажу, што не страшна зусім.

Добры прыклад пра страх — быў Хэлаўін, суседскія дзеці бегалі і званілі ў кватэры. І ўвечары ты нікога не чакаеш — а тут званок. І адразу табе максімальна некамфортна, думаеш пра ўсё найгоршае. Адкрываеш дзверы, бачыш дзяцей — і адразу становіцца лягчэй.

І цяпер у галаве пастаянна шмат сцэнараў, негатыўных — большасць. Таму назаву свой стан не страхам, а жыццём «у чаканні небяспекі».