Алесь Бяляцкі выступіць на сесіі Савета па правах чалавека ААН

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, старшыня закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі выступіць на 28-й сесіі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН, якая праходзіць 2—27 сакавіка ў Жэневе. 



bialiacki2.jpg

Алесь Бяляцкі, мiнiстр замежных спраў Тунiсу Тайэб Бакуш i прэзiдэнт FIDH Карым Лахiджы (фэйсбук)

Напярэдадні сесіі СПЧ Міжнародная федэрацыя за правы чалавека выступіла з заявай, у якой звярнула ўвагу савета на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Як зазначаецца ў заяве, "сістэматычныя, грубыя і паўсямесныя парушэнні правоў чалавека працягваюць выклікаць занепакоенасць". У 2013—2014 гадах на падставе задакументаваных фактаў федэрацыя прыйшла да высновы, што парушэнні эканамічных і сацыяльных правоў у краіне, уключаючы правы працоўных, былі такімі ж сур'ёзнымі, як і парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў.

Прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека возьмуць удзел у мерапрыемствах гэтай сесіі СПЧ і 6 сакавіка правядуць брыфінг па справе Алеся Бяляцкага, асноўная мэта якога — "узмацніць наступальны рух і падтрымаць дзеянні Савета па правах чалавека па Беларусі ў чэрвені і ў межах Універсальнага перыядычнага агляду".

Нагадаем, Алесь Бяляцкі правёў больш як тысячу дзён у папраўчай калоніі і вызваліўся ў чэрвені 2014 года. Яго судзілі за ўтойванне даходаў, але праваабарончыя арганізацыі ўпэўненыя, што прычынай крымінальнага пераследу стала грамадская дзейнасць Бяляцкага, у сувязі з чым ён быў прызнаны палітзняволеным.

spring96.org