Актывістку Натальлю Гарачку-Басалыгу арыштавалі на 15 сутак

Так пастанавіла 11 красавіка суддзя Наталля Шабуня. Актывістку асудзілі за «дробнае хуліганства», піша «Радыё Свабода».

Наталля Гарачка-Басалыга

Наталля Гарачка-Басалыга

Суд Цэнтральнага раёна Мінску асудзіў актывістку, абаронцу Курапат Наталлю Гарачку-Басалыгу на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Заяву аб прыцягненні Гарачкі-Басалыгі да адміністрацыйнай адказнасці 11 сакавіка падала пракурор аддзелу арганізацыі працы са зваротамі грамадзян Генеральнай пракуратуры Ала Вараб’ёва. Нагодай стаў візіт актывісткі ў Генпракуратуру 19 лютага, паведаміў праваабаронца Валер Шчукін, які прысутнічаў на пасяджэнні.

У снежні 2018 года Гарачка-Басалыга накіравала заяву ў Генпракуратуру аб тым, што супрацоўнікі міліцыі не вярнулі ёй канфіскаваны мабільны тэлефон.

Генеральная пракуратура перанакіравала заяву ў пракуратуру Мінску. Пра гэта актывістцы поштай накіравалі пісьмовае паведамленне, але яна яго не атрымала.

Па словах Шчукіна, Гарачка-Басалыга запатрабавала ад дзяжурнага пракурора Варабʼёвай копію пісьмовага паведамлення аб гэтым.

Як сцвярджаецца ў заяве Варабʼёвай, Гарачка-Басалыга неаднаразова называла яе «слугой народу» і крычала, чым «стварала невыносныя ўмовы для працы пракурорскіх работнікаў».

24 сакавіка актывістку затрымалі міліцыянты пры спробе прайсці ў Кіеўскі сквер Мінску, дзе праходзіў санкцыянаваны ўладамі мітынг-канцэрт з нагоды Дня Волі. 27 сакавіка суд Цэнтральнага раёна накіраваў пратакол у дачыненні да Гарачкі-Басалыгі на дапрацоўку.