Былому кіраўніку Гомельскага райвыканкама далі дзесяць гадоў
Былы старшыня Гомельскага райвыканкама Аляксандр Сітніца прызнаны вінаватым у замаху на атрыманне хабару (арт. 430) і перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў (арт. 426) і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да яго ўжытая частковая канфіскацыя маёмасці.
Такое рашэнне 10 красавіка прыняў суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Піскуноў. Абвінавачванне ў асобе пракурора Паўла Цішкоўскага прасіла для Сітніцы менавіта такога тэрміну.
Адвакат былога чыноўніка Аляксандр Астапенка заявіў БелаПАН, што яго падабаронны не згодны з прысудам, лічыць яго несправядлівым і будзе яго абскарджваць.
Не лічыць прысуд законным і справядлівым і адзін з пацярпелых — былы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства. Зрэшты, і пацярпелым ён сябе не лічыць, як і ўсе іншыя кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, каго следства запісала ў гэтую катэгорыю
Нагадаем, Аляксандра Сітніцу абвінавачвалі ў шэрагу злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, у тым ліку перавышэнні ўлады і атрыманні хабараў. Гаворка ідзе аб незаконным, на думку абвінавачвання, выдзяленні зямельнага ўчастка прадпрымальніку, неправамерным атрыманні ад дырэктараў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў памідораў, агуркоў і іншых прадуктаў харчавання, абслугоўванні аўтамабіля, рамонце кватэры цешчы за кошт прыватнай асобы і гэтак далей.
Сітніца віну не прызнаў.
Былы кіраўнік у апошнім слове заявіў, што заўсёды жыў сумленна і «ў рамках устаноўленых для сябе правілаў».
«Яны простыя: любі сваю сям'ю, шануй сяброў, паважай старэйшых, не адмаўляй у дапамозе людзям. У мяне свае прынцыпы гонару і таго, што ад яго засталося пасля апошніх падзей. Усё сваё свядомае жыццё я спрабаваў даказаць сабе і грамадству, што я з'яўляюся яго годным прадстаўніком», — заўважыў Сітніца.
Экс-старшыня райвыканкама не прызнаў, што ў яго дзеяннях быў склад злачынства. Да прыкладу, ён сапраўды выдзеліў зямельны ўчастак свайму прыяцелю, але гаспадарка — уласнік ўчастка — засталася толькі ў выгадзе, а не панесла якой-небудзь страты. На ўчастку былі закінутыя будынкі, на зносе якіх пры выдзяленні ўчастка прыватніку гаспадарка зэканоміла 50 тысяч рублёў. Плюс было створана новае прадпрыемства, якое цяпер плаціць падаткі. Таксама было вырашана пытанне навядзення парадку на дадзенай тэрыторыі.
«Так, прадпрымальнік — мой сябар. Ён звяртаўся да мяне, я дапамагаў яму — але толькі ў рамках закона. Ён, у сваю чаргу, аказваў бязвыплатную дапамогу раёну ў добраўпарадкаванні», — падкрэсліў Сітніца.
Прадукты харчавання ён сапраўды атрымліваў ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Але, па-першае, тыя самі прапаноўвалі кіраўніку раёна памідоры, агуркі і гэтак далей. А па-другое, частка прадуктаў ішла на прыём замежных дэлегацый, якія наведвалі раён.
Па словах адваката, дзеянні экс-кіраўніка выканкама не прынеслі істотнай шкоды і не пацягнулі шкоды. Як лічыць бок абароны, у абвінавачванні адсутнічае канкрэтыка, а віна Сітніцы не даказана.
Алена Германовіч, naviny.by