Актывістка Алена Гнаўк галадае ў ІЧУ

Сваякі Алены Гнаўк паведамілі, што актывістка з першых дзён зняволення ў ІЧУ галадае. А ў суботу яе стан пагоршыўся да такой ступені, што ёй нават выклікалі хуткую дапамогу.

hnauk_1.jpg

 Крыху раней стала вядома, што Алене Гнаўк забараняюць перадаваць перадачы, а таксама забараняюць чытаць і пісаць. Такое рашэнне, нібыта, прыняў начальнік РАУС Пружан.

Цяпер дзеці Алены Гнаўк на яе старонцы ў фэйсбуку паведамілі, што актывістка абвясціла галадоўку: «Высветлілася, што мама, Алена Гнаўк, з першых дзён у ІЧУ адмаўляецца прымаць ежу.

А ў суботу ёй выклікалі “хуткую”. Хутчэй за ўсё з-за ціску, такое ўжо было…

Калі яе пасадзілі першы раз, яна таксама трымала галадоўку, каля 5 дзён, з-за дрэнных умоў утрымання ў ізалятары. Вельмі трывожна за яе».

Нагадаем, Алену Гнаўк 11 студзеня 2022 года пасадзілі на 15 сутак за парушэнне «хіміі». Жанчыну пакаралі за адміністрацыйнае правапарушэнне з бчб-мяшкамі, за якое яна ўжо адседзела 3 сутак і атрымала штраф у 50 базавых велічынь.

На волю Алена Гнаўк павінна выйсці 25 студзеня.

Яшчэ ў траўні 2021 года жанчыне прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» па абвінавачанні ў парушэнні арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.