Аднаўленне касцёла ў Будславе: у Беларусі сабралі ўжо 426 тысяч рублёў, у Польшчы — звыш 5 тысяч злотых

Працягваюцца працы па ліквідацыі наступстваў пажару ў Будслаўскім касцёле. Валанцёры ачысцілі ад попелу правы і левы нефы і пачалі прыбіраць цэнтральную частку даху.

6cea7894_ab3b_4cb6_b6d9_df2eb30c467e_w1023_r1_s.webp

Паводле тэлеграм-канала «Адновім Будслаў разам!», унутры храма разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вуголле, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, усталявалі кантралёры вільгаці.

Збор грошай на аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ідзе ў Беларусі і Польшчы. На гэты момант сабрана 426 535 рублёў. Акрамя таго, беларуская супольнасць у Польшчы заклікала ахвяраваць сродкі на інтэрнэт-платформе zrzutka.pl, дзе ўжо сабралі 5301 злоты (каля 1500 долараў).

11 мая ў Будслаўскім касцёле здарыўся пажар, абваліўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары ды іншае паспелі вынесці.

Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта завёў справу па ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса («Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне»). Для вызначэння прычыны ўзгарання прызначаная комплексная экспертыза.

12 мая пры курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стварылі камісію для ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўлення храма, якую ўзначаліў біскуп Аляксандар Яшэўскі.

У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў падтрымку ў справе аднаўлення базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі.

Пра фінансавы ўдзел дзяржавы ў справе аднаўлення пакуль невядома. Раней Аляксандр Лукашэнка заклікаў не спяшацца і засцярог вернікаў ад спакусы аддаць грошы «неверагодным», якія потым падзеляць іх у Польшчы.

Паводле «Свабоды».