Ад сёння паміж Мінскам і Вільняй пачынаюць хадзіць электрычкі
У нядзелю з Вільні ў Менск пачынаюць курсаваць новыя — электрычныя — цягнікі «Літоўскіх чыгунак», піша "Радыё Свабода".
У нядзелю з Вільні ў Мінск пачынаюць курсаваць новыя — электрычныя — цягнікі «Літоўскіх чыгунак». Паводле кампаніі, штодня да сталіцы Беларусі змогуць
дабрацца значна больш пасажыраў — у двухпавярховых цягніках месцаў удвая болей,
чым дагэтуль, — 296, паведамляе
delfi.lt.
Кіраўнік Дырэкцыі пасажырскіх перавозак «Літоўскіх чыгунак» Лінас Баўжыс паведаміў агенцтву BNS, што новыя цягнікі будуць больш экалагічныя і камфортныя. Паводле яго, цэны на білеты амаль не зменяцца, а падарожжа разам з памежным кантролем зойме 2 гадзіны 30 хвілінаў. Цягнікі ў Менск і назад будуць ездзіць два разы на дзень. Паводле Баўжыса, праект, які стартуе ў нядзелю, рыхтаваўся некалькі гадоў. Тры двухпавярховыя цягнікі па тры вагоны ў кожным вырабіла за 27 мільёнаў еўра чэшская фірма «Шкода».
Падчас падарожжа будзе магчыма карыстацца бясплатным бяздротавым інтэрнэтам, зараджаць мабільныя прылады. Падарожнікі змогуць перавозіць ровары, вазочкі і багаж большых памераў.
Новыя цягнікі з Вільні ў Мінск будуць выязджаць штодня ў 6.15 і 15.05, з Мінску ў Вільню — у 10.35 і 19.30.
Дагэтуль у Мінск ездзілі толькі дызельныя пасажырскія цягнікі.