У Расіі забароняць ананімна папаўняць электронныя кашалькі
Кліенты «Яндэкс.Грошы», QIWI, WebMoney, PayPal і VK Pay змогуць папаўняць кашалькі толькі пасля ідэнтыфікацыі асобы. Такім чынам ўлады Расіі змагаюцца з фінансаваннем наркотыкаў і тэрарызму, але кампаніі заяўляюць аб маштабных рызыках для галіны.
Уладальнікам электронных кашалькоў забароняць папаўняць іх без ідэнтыфікацыі асобы. Гэта прадугледжваюць папраўкі, што былі ўхваленыя Саветам Федэрацыі Расіі 26 ліпеня.
Цяпер уладальнікі ананімных электронных кашалькоў змогуць папаўняць іх толькі з дапамогай банкаўскага рахунку. РБК адзначае, што раней такія кліенты мелі магчымасць папоўніць кашалёк наяўнымі праз плацежныя тэрміналы і офісы мабільных аператараў, і не падаваць пры гэтым дакументы.
Адзін з аўтараў паправак, кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па фінансавым рынку Анатоль Аксакаў заявіў РБК, што новыя правілы распрацаваны па просьбе Росфинмониторинга, бо ананімныя электронныя кашалькі могуць выкарыстоўвацца для фінансавання тэрарызму ці аплаты наркотыкаў.
Прадстаўнікі бізнесу раскрытыкавалі папраўкі, баючыся зніжэння даходаў.
Паводле дадзеных Асацыяцыі ўдзельнікаў рынку электронных грошай і грашовых пераводаў, карыстальнікамі ананімных электронных кашалькоў у Расіі з'яўляюцца каля 10 мільёнаў чалавек. Астатнія пасля стварэння кашалька праходзяць ідэнтыфікацыю, пры якой трэба ўказваць пашпартныя дадзеныя.
Ананімныя кашалькі папаўнялі наяўнымі ў асноўным тыя карыстальнікі, што не мелі банкаўскага рахунку або з'яўляліся кліентамі невялікіх банкаў з дрэнным анлайн-інтэрфейсам. Самі кашалькі выкарыстоўваюцца ў якасці зручнага аплатнага сродку для аплаты пакупак у інтэрнэт-крамах.
У сакавіку 2019 года расіянам забаранілі здымаць наяўныя з ананімных электронных кашалькоў.
Паводле www.rbc.ru, meduza.io