«У беларускай эканомікі ёсць тысяча добрых якасцяў, і ўсяго адзін маленькі недахоп»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, як сёй-той не можа займацца ўтрыманствам на сустрэчы з Пуціным. Таму што са стабільнасцю ў нас усё добра. Стабільнасць стабільная, толькі крыху кульгае.

Ілюстрацыйнае фота з pikabu.ru
Ведаеш навошта сёй-той паехаў да Пуціна? Каб не займацца з ім ніякім утрыманствам. Таму што сёй-той усякім, бывае, займаецца, а каб утрыманствам — дык ніколі. Ён сам сказаў. Няма, кажа, у мяне такой звычкі. Ніколі, кажа, я ніякім утрыманствам з Расіяй не займаўся, а займаўся з Расіяй толькі раўнапраўным і ўзаемавыгадным супрацоўніцтвам.
Таму сёй-той у Пуціна вось літаральна наогул ні пра што не прасіў. А толькі распавёў пра тое, якія ў яго добрыя НПЗ. Мадэрнізаваныя па апошнім слове самых перадавых тэхналогій. Выдатныя творы сацыяльна-арыентаванай рынкавай мадэлі. Такіх заводаў наогул мала ў каго ёсць. Калі б ты глядзела тэлевізар, ты б ведала, якія ў нас выдатныя заводы.
Таму сёй-той так Пуціну і сказаў: «Слухай, зрабі так, я кажу, каб гэтыя заводы не былі стратныя». І пагадзіся, гэта ж сапраўды бязладдзе нейкае атрымліваецца, калі ў такіх выдатных вартасцямі заводаў ніякіх прыбыткаў няма, а ёсць толькі страты.
А ўсё чаму? Таму што раней Расія даплачвала беларускім заводам за тое, што беларускія заводы куплялі ў яе нафту. І гэта было справядліва. Таму што калі Расія даплачвала беларускім заводам за тое, што беларускія заводы куплялі ў яе нафту, у беларускіх заводаў з прыбыткамі было ўсё вельмі добра. А потым Расія перастала даплачваць, і з прыбыткамі ўсё стала не вельмі.
І хто, пытаюся, у гэтым вінаваты? Не адказвай. Гэта было рытарычнае пытанне. Вось хто вінаваты, той цяпер няхай і выпраўляе. Таму што не гаранту ж гэтым займацца. Таму гарант сказаў, каб Пуцін адліў яму таннай нафты.
А там, дзе танная нафта, там жа павінна прарваць і танным газам. А пагадзіся, што ад таннага газу без танных крэдытаў няма ніякай практычнай карысці. Таму сёй-той Пуціну так і сказаў, што за вашы грошы, ён гатовы сам сабе пабудаваць хоць чыгунку ў Ленінградскай вобласці, хоць другую атамную станцыю. Таму што электрычнасці ад першай атамнай станцыі ў кагосьці шмат, і ён гатовы гэтай электрычнасцю забяспечваць якія-небудзь расійскія рэгіёны. Па рынкавых, вядома, расцэнках.
Ну, а што ты сабе думала? У Пуціна танных нафты, газу і крэдытаў заваліся, а ў кагосьці без танных нафты, газу і крэдытаў эканамічная стабільнасць трошкі кульгае. Так-та стабільнасць у яго добрая. Але трошкі кульгае.
Таму што беларуская эканоміка — гэта ж выдатны феномен. У беларускай эканомікі ёсць тысяча добрых якасцяў і літаральна ўсяго адзін маленькі недахоп. І я нават не буду табе казаць, як яго клічуць.
Ты і сама гэта ведала задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.