У Беларусі знайшлі новае радовішча нафты
Новае нафтавае радовішча адкрылі ў Рэчыцкім раёне, запасаў там — мінімум 200 тысяч тон.
Пра новае радовішча нафты паведамляе onliner.by са спасылкай на інфармацыю з беларускіх уладных крыніц.
Новае нафтавае радовішча адкрылі ў Рэчыцкім раёне, называецца яно Усходне-Някрасаўскае, распавёў намеснік гендырэктара «Беларуснафты» ў геалогіі Пётр Паўжык.
Падобна на тое, усё да таго і ішло: раней на гэтым месцы выявілі падсалявую структуру. Спецыялісты працягнулі даследаваць тэрыторыю на плошчы 150 квадратных кіламетраў.
— Падчас свідравання свідравіны з ужываннем тэхналогіі гідраразрыву пласта на глыбіні 4,2 тысячы метраў пры выпрабаванні падсолевых адкладаў мы атрымалі прамысловы прыток нафты дэбітам парадку 30 кубаметраў за суткі, — распавёў Пётр Паўжык.
Новае радовішча чакае дэталізацыя сваёй будовы, пастаноўкі на дзяржбаланс і падліку запасаў вуглевадародаў. Паводле папярэдняй ацэнкі экспертаў, іх не менш за 200 тысяч тон.
- У Беларусі радовішчы нафты вядомыя ў межах Прыпяцкага прагіну — найперш у Гомельскай вобласці.
- Першае прамысловае радовішча нафты ў Беларусі было адкрыта ў Рэчыцкім раёне ў 1964 годзе.
- Усяго ў Рэспубліцы Беларусь на сённяшні момант выяўлена 82 нафтавыя радовішчы.
- «Беларуснафта» ў 2023 годзе здабывае нафту і газ на 52 радовішчах.
- Большая частка даказаных запасаў нафты ў Беларусі належыць да цяжказдабывальных.
- Асноўны аб'ём вуглевадародаў за ўвесь перыяд распрацоўкі атрыманы з найбольш буйных радовішчаў: Рэчыцкага, Асташкавіцкага, Вішанскага і Паўднёва-Асташкавіцкага.
- Рэкорд па здабычы нафты на беларускай тэрыторыі пастаўлены ў 1975 годзе, калі на паверхню ўдалося атрымаць 7,96 мільёна тон нафты.
- Пачынаючы з 2005 года ў Беларусі штогод здабываецца каля 1,7 мільёна тон уласнай нафты, аднак штогод колькасць здабытай уласнай нафты робіцца меншай.