Новыя правілы для беларускіх НПЗ: выратаванне альбо «падманка»?

Апошнія некалькі тыдняў дзелавыя СМІ актыўна абмяркоўвалі новую схему паставак паліва з беларускіх НПЗ у Расію — яна дзейнічае з 10 кастрычніка. Галоўнае ў ёй тое, што нашыя НПЗ цяпер субсідуюцца з расійскага бюджэту.

naftan_1_1.jpg


Схема выглядае так: расійскі дзяржаўны «Промсырьеимпорт» (належыць Расмаёмасці) купляе па высокіх коштах паліва на Наваполацкім і Мазырскім НПЗ, а затым прадае яго (танней) на расійскай біржы СПбМТСБ. Розніцу ў кошце кампаніі кампенсуюць з бюджэту, тлумачыць БДГ.

Так працуе так званы «дэмпферны механізм», які створаны, каб стабілізаваць кошт паліва на ўнутраным рынку РФ пры скачках коштаў на нафту. Для гэтага расійскія НПЗ атрымліваюць кампенсацыі, якія разлічваюцца як 65% ад розніцы паміж экспартным коштам і індыкатыўнай (фіксаванай) унутранай цаной паліва.

Беларускія НПЗ уключаны ў гэтую схему ў якасці заахвочвання для Мінска за яго ўдзел у вайне Расіі супраць Украіны. Фармальная падстава таксама маецца: пасля пачатку вайны спыніўся экспарт беларускага паліва ва Украіну. А гэта вялікія страты: Беларусь забяспечвала 45% украінскага імпарту бензіну і 37% імпарту дызпаліва — 1,04 млн т і 2,97 млн т адпаведна.

Пытанне — наколькі гэтая схема наогул будзе працаваць? Наколькі вядома рэдакцыі БДГ, у беларускім Саўміне мяркуюць, што попыт на наша маторнае паліва ў Расіі забяспечаны за кошт вайны, якая паглынае гэта самае паліва ў велізарных колькасцях. Аднак трэба разумець, што гэта паглынанне ўраўнаважваецца зніжэннем эканамічнай актыўнасці ўнутры РФ, скарачэннем аб'ёмаў грамадзянскіх перавозак, якія спыніліся палётамі за мяжу, і гэтак далей. Прычым далей сітуацыя будзе станавіцца толькі горш.

Пры гэтым уладальнікам расійскіх НПЗ канкурэнцыя з боку беларусаў зусім ні да чаго. Так што нескладана прадказаць, што пастаўкі беларускага паліва ў РФ так і застануцца на ўзроўні сённяшніх 5-10 тыс. тон у месяц. А пры спробах іх нарасціць — акажацца, што ў РЖД няма патрэбнай колькасці цыстэрнаў, або дарогі іншымі грузамі занятыя, ці яшчэ нейкія праблемы.

З такім беларускія вытворцы ўжо сутыкаліся не раз. Ехаць у Расію са сваімі нафтапрадуктамі — гэта як ехаць у Альшаны са сваімі агуркамі. Але беларускім прадпрыемствам не прывыкаць быць стратнымі ў палітычных мэтах.

Праўда, НПЗ раней у такой сітуацыі не аказваліся. Што ж, усё калісьці адбываецца ўпершыню.