Што яны там паляць? Пасля «бруднай бомбы» Расія расказвае пра «баявых камароў»
Пасля таго, як расійская ўлада канчаткова ўсвядоміла, што ў пагрозу «бруднай бомбы» ніхто не паверыў, Расія актывавала новую тэму — «баявыя камары» ЗША. Аб новай небяспецы, якая навісла над «міралюбнай» Расіяй, распавёў на пасяджэнні Савета бяспекі ААН пастаянны прадстаўнік РФ Васіль Нябензя.
Са слоў сталага прадстаўніка РФ, ЗША запатэнтавалі робата, які «здольны распаўсюджваць камароў, заражаных небяспечнымі вірусамі».
Нябензя распавёў, што Расія атрымала «сакрэтныя дакументы», у якіх нібыта ўтрымліваюцца апісанні праектаў па вывучэнні магчымасці распаўсюджвання небяспечных інфекцый праз мігруючых птушак і кажаноў. Моцную занепакоенасць расійскага боку выклікае нібыта запатэнтаваны ЗША дрон з «баявымі камарамі».
«У адпаведнасці з апісаннем такі беспілотнік транспартуе ў зададзены раён кантэйнер з вялікай колькасцю камароў — пераносчыкаў інфекцый — і вызваляе іх. Пры ўкусе камары інфіцыруюць атакаваных людзей узбуджальнікамі асабліва небяспечных захворванняў. У тлумачэнні прама падкрэсліваецца, што заражаны вайсковец будзе не здольны выконваць пастаўленыя перад ім задачы, у сілу чаго захворванне можа быць больш каштоўным ваенным інструментам, чым самае сучаснае ўзбраенне і ваенная тэхніка. Падобнае заражэнне вайскоўцаў суперніка ў ваенным плане дало б значны эфект», — заявіў Нябензя.
Выслухаўшы Нябензю, пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што гэтае пасяджэнне — «чарговае марнаванне часу».
«Расія зноў нас тут сабрала з адной мэтай — распаўсюджваць дэзынфармацыю. Мы ўсе ведаем, што ўсе гэтыя абвінавачванні сфабрыкаваныя, у іх няма ні грама доказаў. Ва Украіны няма праграмы біялагічнай зброі, што пацвярджае ААН. І ў ЗША таксама няма праграмы біялагічнай зброі», — заявіла сталая прадстаўніца ЗША.
Адзначым, што чарговае пасяджэнне Савета Бяспекі па Украіне было склікана Расіяй, якая прапанавала абмеркаваць «украінскія біялабараторыі і ўдзел у іх працы Злучаных Штатаў».
Паводле «Белнавіны»