Мазырскі НПЗ можна было б прадаць Украіне

Праект аналітыка Паўла Мацукевіча «Пульс Леніна-19» паразмаўляў з экспертам па энергетыцы і клімаце міжнароднай ініцыятывы iSANS Яўгенам Макарчуком пра тое, якой павінна быць энергасістэма Беларусі і як можна пазбавіцца залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


– Нафтапрадукты былі адной з галоўных экспартных пазіцый Беларусі. Ці вядома, што цяпер адбываецца ў гэтай галіне і ў якія краіны яны экспартуюцца?

– Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць, пра гэта пішуць. Даных для аналізу вельмі мала. Куды экспартуецца нафтапрадукцыя — не зразумела. З 20 млн тон перапрацаванай нафты 6 млн тон спажываліся менавіта ў Беларусі. Астатняе ішло на экспарт. Што адбываецца цяпер — не ведаю.

– Ці наогул нафтаперапрацоўка мае будучыню? Сваёй нафты ў Беларусі амаль няма. Можа, ёсць эканамічны сэнс прадаць НПЗ — напрыклад, тым жа расійцам, у якіх нафта ёсць, каб гэта было іх галаўным болем?

– Гэта ўсё розныя пытанні. Наконт будучыні нафтаперапрацоўкі — яна залежыць ад таго, на які гарызонт мы глядзім. Большасць энергетычных агенцтваў кажуць, што да 2030 года можа расці спажыванне нафты, а пасля надыдзе скарачэнне, бо не будзе попыту. Гэта значыць, чакаецца падзенне спажывання нафты. У гэтым сэнсе бясконцую мадэрнізацыю НПЗ, як мне падаецца, трэба прыпыняць. Гарызонт іх працы ўжо невялікі. Гэта першае.


Другое: прадаваць ці не прадаваць НПЗ. Я бы прадаваў НПЗ у любым выпадку. Не справа дзяржавы займацца вытворчасцю бензіну. У дзяржавы іншыя функцыі. Іншая справа — я б не прадаваў НПЗ расійцам. Для мяне ў Расіі няма мяжы, дзе прыватны бізнес, а дзе дзяржава. Там гэта ўсё размыта. Я згодны з ідэяй, што НПЗ трэба прадаваць, а не перадаваць пад кантроль іншай дзяржавы — як у выпадку з Расіяй. Калі гэта будзе «Shell», «Total», BP ці «Orlen» — няма праблем, бо гэта камерцыйныя кампаніі. Калі гэта будзе «Раснафта» — не ведаю, бо незразумела, на якіх падставах яны працуюць — камерцыйных ці дзяржаўных.

— Наконт кампаній з заходніх краін усё зразумела, а калі гэта будзе «Socar» з Азербайджана — з краіны, якая не асабліва апярэдзіла Беларусь на шляху да дэмакратыі?

— Тут сэнс у тым, што наўрад ці ў Азербайджана будуць у дачыненні беларускіх НПЗ іншыя мэты, акрамя атрымання даходу. Наўрад ці Баку запатрабуе ўвесці азербайджанскую мову ў якасці дзяржаўнай у Беларусі.

Трэба правесці дэталёвы постваенны аналіз нафтаперапрацоўкі. У выпадку, калі мы не будзем мець нафты з Расіі, а ў мяне такі сцэнар пакуль як базавы, то нафту давядзецца пастаўляць чыгункай, а гэта даволі дорага. Мы адразу страцім эканамічная перавагі, напрыклад, перад Гданьскім НПЗ, які атрымлівае і экспартуе нафту па моры, або перад Мажэйкяйскім НПЗ — праз тое ж самае. Таму Беларусь зможа экспартаваць толькі ў тыя краіны, якія не змогуць купляць нафту танней, чым у нас. Гэта можа быць Украіна. У гэтым сэнсе чаму б не прадаць Мазырскі НПЗ Украіне, калі будуць нармальныя адносіны? Рынкам збыту для Наваполацкага НПЗ, магчыма, застанецца Беларусь і памежныя рэгіёны Расіі.


— Адкуль Беларусь магла б атрымліваць нафту, акрамя Расіі?

— Некарэктна так ставіць пытанне. Трэба знайсці варыянт пастаўкі нафты на нашы НПЗ з найбліжэйшага порта, а лепш — з некалькіх партоў у розных краінах. У порт можа зайсці танкер з любой краіны. Таму не трэба вызначацца з краінай, трэба вызначацца з партамі і шляхамі пастаўкі.

У будучыні можна размаўляць, напрыклад, з Латвіяй пра аднаўленне трубы «Наваполацк-Вентспілс» ці паралельную пракладку новай, каб забяспечыць перакачванне па ёй нафты з порта Вентспілса да НПЗ у Наваполацку. Нафту трэба купляць там, дзе танней.

— Ці маюць перспектывы праекты кшталту Балта-Чарнаморскага калектара?

— Гэтую ідэю калісьці выказаў Зянон Пазняк, і яна палягае ў тым, каб злучыць на тэрыторыі Беларусі сістэму трубаправодаў, якія звязваюць парты на Балтыйскім і Чорным марах, і, адпаведна, ажыццяўляць дастаўку нафты праз іх. Гэта звязала б Адэсу з Клайпедай і Вентспілсам праз Беларусь незалежным ад Расіі чынам.

Для гэтага трэба было б спалучыць дзве галіны нафтаправодаў: «Унеча-Наваполацк» і «Унеча-Мазыр». Гэтыя трубаправоды злучаныя ва Унечы, што дазваляе Расіі кантраляваць патокі нафты паміж Наваполацкам і Мазыром. Будаўніцтва перамычкі паміж гэтымі галінамі на тэрыторыі Беларусі дазволіла б пазбавіць Расію гэтага кантролю. Але ўсё, што патрабавалася ад Беларусі для Балта-Чарнаморскага калектара, было зроблена, калі ў 2021-м годзе паміж Наваполацкім і Мазырскім НПЗ з’явілася перамычка, па якой можа ісці 6 млн. тон нафты.

Але час прайшоў. Труба з Наваполацка ў Літву і Латвію знаходзіцца ў аварыйным стане і не працуе. Нафтаперапрацоўчыя заводы ва Украіне разбураныя вайной і іх лёс пакуль невядомы, а праз гэта не ясна, калі адновіцца неабходнасць паставак на іх нафты.

— З нафтай зразумела, а якія шляхі ёсць для выхаду з залежнасці ад Расіі па газе?

— Залежнасць па газе ад Расіі — сур’ёзная, але яе таксама, у прынцыпе, магчыма пераадолець. Можна перайсці на выкарыстанне газу з Клайпедскага тэрмінала СПГ ці са Свінауйсця ў Польшчы. Цяпер можна задзейнічаць газаправод «Ямал-Еўропа» ў рэверсным рэжыме. Але, як заўсёды, ёсць важныя дэталі.

Цалкам забяспечыць Беларусь газам, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, давядзецца замяніць яго на электрастанцыях на мазут, а гэта значыць, пагоршыцца экалогія. Беларусь не валодае магістральнымі газаправодамі і газасховішчамі. Былы «Белтрансгаз» быў прададзены «Газпраму», і цяпер, каб выкарыстоўваць газавую інфрастуктуру, напэўна, давядзецца ўводзіць асобны юрыдычны рэжым. «Белтрансгаз» належыць Расіі. Згодна з пагадненнем аб продажы «Белтрансгаза», расійскі бок гарантуе пастаўкі газу ў Беларусь. Калі расійскі бок не зможа выканаць свой абавязак, напэўна беларускі бок мае права адмовіцца ад сваіх абяцанняў, але гэта пытанне да юрыстаў.

Акрамя забеспячэння Беларусі, газатранспартная сістэма Беларусі, як і ў выпадку з нафтай, можа гарантаваць сувязь краін Балтыі з Украінай. Таксама не трэба забываць, што газатранспартная сістэма з’яўляецца асновай для развіцця вадароднай энергетыкі. Гэта значыць, мы можам вырабляць свой вадарод і пастаўляць яго спажыўцам, карыстаючыся існымі газавымі трубамі.

— Як выглядае ідэальная будучыня энергетычнай сістэмы Беларусі?

— Яна пабудаваная на энергіі ветру і сонца, а таксама біямасы. Сістэма павінна існаваць на рынкавых умовах — рынак электраэнергіі, рынак цеплавой энергіі, маторнага паліва і гэтак далей.

— Ці адужае беларуская эканоміка, збудаваная на танных расійскіх энерганосьбітах, пераход на рынкавыя ўмовы арганізацыі энергасістэмы?

— Калі не будзе расійскіх нафты і газу, то, мне здаецца, мы здолеем без іх абысціся. Але адбудзецца адразу пераход на сусветныя цэны, і гэта будзе шок для беларускай эканомікі. Напрыклад, газ цяпер у свеце каштуе $500, а Беларусь плаціць недзе $130. Але гэта трэба пераадолець, бо ва ўмовах рынку Беларусь магла б развівацца нашмат хутчэй, чым цяпер, — з таннай поліўкай, але ў кайданах.


Самая танная крыніца нафты і газу для Беларусі — гэта Расія. У любым выпадку трэба ствараць такія ўмовы, якія забяспечаць канкурэнцыю іншых крыніц з расійскай, каб не дапускаць залежнасці ад адной крыніцы.

Цяпер Беларусь знаходзіцца ў стане «рэсурснага праклёну», ці «галандскай хваробы». Ёсць два варыянты: альбо пускаць танныя энерганосьбіты на спажыванне і праядаць іх, як гэта робіцца цяпер; альбо павышаць тарыфы на газ і нафту, нягледзячы на тое, па якіх цэнах мы іх набываем, каб стварыць фонд для развіцця энергаэфектыўнасці і інвестыцый ва ўласную эканоміку (як гэта робіць Нарвегія). На гэта патрэбны час, але гэта не такая складаная рэч, калі разумееш, што патрэбна рабіць.

Цалкам размову з Яўгенам Макарчуком чытайце тут.