У Беларусі ўпершыню «на карысць дзяржавы» прадалі арыштаваную крыптавалюту
У нашай краіне маштабна прадаюцца не толькі канфіскаваныя сілавікамі рэчы і маёмасць. Упершыню рэалізавалі і крыптавалюту, якую арыштавалі ў выканаўчай вытворчасці.
Калі ў выканаўчай вытворчасці будзе ўстанаўлена, што ў даўжніка ў наяўнасці маецца крыптавалюта, судовы выканаўца можа яе арыштаваць, паведамляе «Экономика Беларуси».
Гэты актыў можа быць пераведзены на віртуальны кашалёк органа прымусовага выканання альбо суб'екта гандлю, спецыялізаванай арганізацыі.
Асаблівасці абароту крыптавалюты ў крымінальным працэсе і выканаўчай вытворчасці замацаваныя ва ўказе №48 ад 14 лютага 2022 года.
Нагадаем, як пісаў НЧ, у траўні старшыня Следчага камітэта паведаміў пра стварэнне ў яго ведамстве падраздзялення па барацьбе з кіберзлачыннасцю і распавёў, што яны са «смецця» збіраюцца рабіць «нармальныя грошы»: «Што такое крыптавалюта? Як кажуць мае прасунутыя падначаленыя — гэта лічбавае смецце. Зыходзячы з гэтага, я паставіў задачу: нашай дзяржаве патрэбныя грошы для кампенсацыі нанесенай шкоды, давайце думаць, як са смецця зрабіць грошы. Не буду казаць падрабязнасці, але мы навучыліся гэта рабіць».
Пазней Мінюст сваёй пастановай № 67 ад 14 красавіка 2022 года дэталёва вызначыў парадак працы з крыптавалютай у выканаўчым вытворчасці, унёсшы змены ў інструкцыю па выканаўчай вытворчасці. Адпаведныя прававыя нормы ўступілі ў сілу з 17 траўня 2022 года.