Тарыф «тры капейкі» адмяняецца. Ужо з 1 чэрвеня за электрычнасць давядзецца плаціць больш

Беларусаў чакае новае павышэнне тарыфаў на электрычнасць. На колькі вырастуць плацяжы?

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


У Беларусі з 1 чэрвеня павысяць тарыфы на электраэнергію для абагравання жылля. Іх падымалі з 1 студзеня, а на пачатак лета запланавана чарговае павышэнне. Журналісты “Люстэрка” паглядзелі, як гэта адаб'ецца на плацяжах.

Для абагравання жылля электраэнергіяй цяпер дзейнічае тры тарыфы. Першы — аднаставачны, ён распаўсюджваецца як на абаграванне, так і на ўсе астатнія патрэбы. З 1 чэрвеня гэты тарыф падвысяць да 0,1057 рубля (цяпер — 0,0981 рубля). Гэтым тарыфам могуць скарыстацца як уладальнікі прыватных дамоў, так і жыхары шматкватэрных дамоў. Для гэтага не трэба ўсталёўваць спецыяльны асобны лічыльнік ацяплення.

Калі цяпер расходаваць электраэнергіі на 500 кВт∙г на месяц, то трэба будзе заплаціць 49,05 рубля, а з 1 чэрвеня за гэты ж спажыты аб'ём выйдзе 52,85 рубля.

Яшчэ адзін тарыф — дыферэнцыраваны па двух часавых перыядах. Як і аднаставачны тарыф, гэты дзейнічае як на абаграванне, так і на ўсе астатнія патрэбы. Усталёўваць спецыяльны асобны лічыльнік ацяплення не трэба. У перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) тарыф цяпер складае 0,0718 рубля за 1 кВт·г, а ў астатні час сутак — 0,1333 рубля за 1 кВт·г. З 1 чэрвеня тарыф вырасце да 0,074 рубля і 0,1374 рубля адпаведна.

Калі цяпер расходаваць 500 кВт∙г ў месяц (з 23.00 да 6.00), то трэба заплаціць 35,9 рубля, а з 1 чэрвеня — 37 рублёў. Гэты тарыф дзейнічае на абаграванне і на ўсе астатнія патрэбы, спецыяльны асобны лічыльнік ацяплення ўсталёўваць не трэба.

Трэці варыянт — усталяваць дадатковы спецыяльны лічыльнік, які цяпер улічвае выдаткаваную электраэнэргію на ацяпленне паводле тарыфу 0,0398 рубля за 1 кВт·г. З пачатку лета яго падвысяць да 0,0449 рубля. Гэты тарыф прадугледжвае, што астатняя спажытая электраэнергія, у тым ліку на прыгатаванне ежы, мыццё, асвятленне дома, лічыцца па другім асноўным лічыльніку і аплачваецца па адным з існуючых тарыфаў — па аб'ёме або часу спажывання. Гэты тарыф у народзе называюць «тры капейкі».

Калі цяпер расходаваць усё тыя ж 500 кВт∙гадзіну ў месяц, то выйдзе 19,9 рубля, а з 1 чэрвеня — 22,45 рубля.

Нагадаем, у 2022-м чыноўнікі адмянілі чэрвеньскае павышэнне тарыфаў на электрычнасць для ацяплення жылля, але ў 2023-м яны часткова вырашылі нагнаць расцэнкі — у выніку падымуць больш, чым планавалі ў мінулым годзе.

Цікава, што падвышэнне тарыфаў адбываецца на фоне размоваў пра запуск другога энергаблока на Астравецкай АЭС. Калі яе сапраўды пачнуць будаваць і запускаць, то варта чакаць яшчэ большага падвышэння тарыфаў. Бо ужо зараз у Беларусі вырабляецца электраэнергіі значна больш, чым патрэбна. Лішняе няма куды прадаваць, таму ўвесь цяжар выдаткаў на выраб лішніх кілаватаў кладзецца на спажыўцоў. 

І чым больш мы будзем будаваць энергаблокаў, тым вышэйшыя кошты будуць за электраэнергію. Прынамсі, пры гэтай уладзе.