Сярэдні заробак падае трэці месяц запар
Сярэдні заробак у Беларусі працягвае скарачацца трэці месяц запар. У кастрычніку ён зменшыўся на 0,4% у параўнанні з вераснем і склаў 6 млн 837,6 тыс., паведамляе Белстат.
Фота з сайта www.websovetik.com
За месяц сярэдні беларус стаў атрымліваць на 25,4 тысячы рублёў менш. У пераліку на долары па сярэднеўзважаным курсе Нацбанка на кастрычнік сярэдняя зарплата склала амаль 409 долараў. Для параўнання: у снежні мінулага года яна была роўная 621 долара.
Нагадаем, упершыню ў гэтым годзе сярэдні заробак упаў у жніўні. У грашовым выразе беларусы згубілі за месяц 38,1 тысячы рублёў.
У верасні падзенне працягнулася, зарплата сярэдняга беларуса скарацілася тады на 107,6 тыс. рублёў. У мінулым месяцы заробкі ўпалі ў прамысловасці да 7 325,4 тысячы рублёў (мінус 61 800 рублёў), будаўніцтве — да 8 263,5 тысячы (мінус 75 400 рублёў). Зарплата работнікаў аховы здароўя ў кастрычніку таксама працягнула падзенне і склала 5 550,5 тысячы рублёў. Гэта на 107 300 рублёў менш, чым яна была ў верасні. Дактары сталі атрымліваць на 46 400 рублёў менш, іх сярэдняя зарплата ў мінулым месяцы склала 8 млн 899 тысяч рублёў. Сярэдні медперсанал у кастрычніку атрымліваў 5 млн 502,7 тысячы рублёў. Гэта на 94 тысячы менш, чым у верасні. Але больш за ўсё заробкі ў кастрычніку ўпалі ў сельскай і лясной гаспадарцы — да 4913 тысячы (мінус 191.800 рублёў за месяц).
Павялічыліся за месяц зарплаты на транспарце і ў сувязі — 7 749,9 тысячы (плюс 88 тысяч рублёў), а таксама ў адукацыі — 4899 тысячы (плюс 88900 рублёў). Вырас заробак як настаўнікаў — да 5 926,7 тысячы (плюс 120.200 рублёў), так і прафесарска-выкладчыцкага складу — да 8,14 тыс. (плюс 470 тыс. 600 рублёў).
Лідзіруюць па ўзроўні заробкаў спецыялісты, праца якіх звязана з вылічальнай тэхнікай, — 28,3 мільёна рублёў. Менш за ўсё сярэдні заробак у работнікаў, занятых у сферы прадастаўлення сацыяльных паслуг, — 3,9 мільёна рублёў. Сярэднія заробкі рабочых і служачых у кастрычніку склалі 6 мільёнаў 874,4 тысячы рублёў.
Па ўзроўні сярэдняй зарплаты па-ранейшаму лідзіруе Мінск — 9 мільёнаў 321,7 тысячы рублёў. Аўтсайдарам па гэтым паказчыку сталі Віцебская (5 мільёнаў 869,9 тысячы рублёў) і Магілёўская вобласці (5 мільёнаў 873,3 тысячы рублёў).
Рэальная зарплата, якая разлічваецца з улікам інфляцыі, у студзені-кастрычніку зменшылася на 3,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У кастрычніку гэты паказчык скараціўся на 1,2% у параўнанні з вераснем.