І без усялякіх дыетаў
Усе замежнікі здзіўляюцца, чаму беларускія жанчыны такія прыгожыя. У большасці сваёй — без залішняй вагі, прывабненькія… Ды проста таму, што ў нас ёсць дзве класныя нацыянальныя забаўкі.
Першая — гэта, канешне, чаканне дэвальвацыі. А другая — перыядычнае «зацягванне паясоў».
Калі першая забава ў нас перманентная, то другая ўзнікае раз-пораз. Хутка нам скажуць, што Новы год, мы, канешне, павінны адзначыць годна, са сваякамі, сябрамі, чаркай і шкваркай, а вось потым давядзецца зацягнуць паясы.
Два тыдні ў краіне працавала місія МВФ, якая вырашала, даць сінявокай крэдыт ці не рабіць гэтага. На ўлагоджванне акулаў імперыялізму была кінутая самая цяжкая артылерыя: з кіраўніком місіі Пітэрам Долманам сустрэўся сам Аляксандр Рыгоравіч. Ён шмат казаў, што ўмовы МВФ ужо не выклікаюць у яго агіды: маўляў, атрымліваеш паслугу — плаці, гэта справядліва. І тым не менш…
Як вынікае з заявы місіі і паведамлення Нацбанка, Беларусь і МВФ не змаглі ўзгадніць праграму рэформаў, ад якой залежыць выдача крэдыту ў $3 мільярды. Канешне, ёсць шмат словаў пра тое, што «персанал МВФ і афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь дамагліся істотнага прагрэсу ў абмеркаванні шэрагу мер эканамічнай палітыкі», і «бакам удалося істотна зблізіць свае пазіцыі», але «для абмеркавання некаторых пытанняў патрабуецца больш часу».
Таму, як удакладніў МВФ далейшы фармат перамоваў, «у бліжэйшыя некалькі тыдняў мяркуецца дыстанцыйна працягнуць іх абмеркаванне».
Пра «некалькі тыдняў» гэта яны, канешне, моцна заштурхнулі. Зараз місія складзе справаздачу, потым пачнуцца калядныя адпачынкі, канец фінансавага года. Карацей, з далейшым абмеркаваннем давядзецца пачакаць да вясны.
Дзіўным чынам нічога не чуваць пакуль і ад нашага другога магчымага донара: Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) — правапераемніка Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Яшчэ месяц таму кіраўнік Еўразійскага банка развіцця, які валодае сродкамі ЕФСР, Дзмітрый Панкін казаў, што Беларусь і ЕФСР узгаднілі ўмовы прадастаўлення крэдыту. «Матрыца тых захадаў грашова-крэдытнай палітыкі, якія павінны быць рэалізаваны ў Беларусі, практычна ўзгодненая. Лічу, што дасягнуты вялікі прагрэс. Практычна ўзгаднілі ўсе крокі, якія павінны быць, напрыклад, пытанні скарачэння субсідый, па камунальных тарыфах, пытанні грашова-крэдытнай палітыкі, мэты па аб’ёме грашовай масы, па крэдытнаму стымуляванню эканомікі», — запэўніў Панкін.
І, па ягоных словах, савет ЕФСР «у цяперашні час абдумвае палітычную мэтазгоднасць вылучэння новага стабілізацыйнага крэдыту для Беларусі ў аб’ёме $3 мільярды».
«Палітычнае рашэнне» ўсё ніяк не прымаецца. Нешта ў нас разладзілася ў адносінах з Масквою, і не зразумееш нават, што. Ну, адмовілі мы Расіі ў авіяцыйнай вайсковай базе… Дык ёй самой самалёты зараз больш патрэбныя ў Сірыі, а дзе Сірыя, а дзе сінявокая? Так, у Масквы чаканыя праблемы з Крымам, з Данбасам, а як па-іншаму? Перш, чым абвяшчаць Крым сваёй тэрыторыяй, трэба было ведаць, што ён на 70% па энергарэсурсах, транспарце і вадзе залежыць ад мацерыковай Украіны. Ці думаеце, што «клятыя жыдабандэраўцы» будуць карміць яго вечна? Турцыя збіла расійскі «Су-24» над сваёй тэрыторыяй? Выбачайце, Турцыя — у NАТO, а, паводле дадзеных гэтай арганізацыі, расійскія самалёты «небяспечна набліжаліся» да паветраных прастораў краін Альянсу ў Еўропе больш за 500 разоў толькі ў 2014-м годзе. Па статыстыцы на пачатак жніўня гэтага года, знішчальнікі NАТO з-за такіх паводзінаў расійскіх пілотаў падымаліся ў паветра каля 300 разоў. Такога не было нават у часы «халоднай вайны». У большасці выпадкаў паднятыя на перахоп знішчальнікі суправаджалі расійскія самалёты, назіраючы за іх дзеяннямі, але, нават па законах той жа статыстыкі, калі-небудзь адзін з іх проста павінны былі збіць.
Карацей, у праблемах Расіі мы не вінаватыя. І няма чаго тут думаць пра «палітычнае рашэнне». Але ўсё ж думаюць. Чаму?
А нам у будучым годзе трэба аддаць $3,5 мільярда па знешніх пазыках. А золатавалютныя рэзервы краіны, па дадзеных на 1 лістапада, склалі 4 мільярды 666 мільёнаў 700 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. То бок, на знешнія пазыкі нам давядзецца аддаць амаль увесь рэзерв, і застанемся мы ў адных майтках. Калі не будзе крэдытаў, канешне. А, зыходзячы з вышэйвыкладзенага, іх не будзе яшчэ доўга.
Таму цалкам прадказальна, што нам у чарговы раз будуць прапанаваць «зацягнуць паясы». Хаця зацягваць іх, падаецца, ужо няма куды. Па дадзеных роднага Белстата, рэальны заробак беларуса скараціўся з пачатку года на 3,2%. Сярэдні заробак — 6 мільёнаў 837,6 тысячы рублёў. У пераліку на долары па сённяшнім курсе Нацбанка (18.000) сярэдняя зарплата склала амаль 380 долараў. Для параўнання: у снежні мінулага года яна была роўная 621 долару. Лідар Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук плануе і далейшае яе падзенне да 300, а можа і да 200 долараў. Што тут зацягнеш?
Улады заклікаюць беларусаў не лічыць свае даходы ў доларах: маўляў, абясцэньванне рубля не мае значэння, калі кошты ў краіне не растуць. Але ўвосень стрыманая да выбараў «харчовая інфляцыя» пачала даганяць дэвальвацыю. За апошнія два месяцы свіная грудзінка ў «Еўраопце» падаражэла на 20%, сыр — на чвэрць, морква — у паўтара разы, а агуркі — больш, чым у тры.
І, між іншым, гэта ўсё — «імпартазамяшчальная» прадукцыя. У сэнсе таго, што тое, што ствараецца ў Беларусі, едзе ў Расію дзякуючы «харчоваму Кландайку», то бок расійскім санкцыям на заходнія харчы. А тое, што з Захаду не даязджае да Расіі, застаецца ў нашых крамах. Так і атрымліваецца, што сыры з Галандыі ў нас танней, чым беларускія.
Але што мы будзем рабіць з гэтым «харчовым імпартам», калі ў нас ад ЗВР застанецца жалю варты мільярд?
Так што застаецца толькі параіць: сапраўды, годна адзначце гэты Новы, 2016-ы, год. Таму што на адзначэнне 2017-га можа ўжо не хапіць нічога: ані грошай, ані паясоў.
Затое жанчынкі ў Беларусі будуць страйнюткія, без усялякіх дыетаў.