За год заробкі беларусаў упалі на 200 долараў
Сярэдняя зарплата ў кастрычніку бягучага года ў доларавым эквіваленце складала каля 380 долараў.
udf.by
Беларускія грамадзяне ўжо і думаць забыліся, што да 2015 годзе ім абяцалі сярэдні заробак 1000 долараў. Нават даступныя некалі пяцьсот долараў сёння могуць зарабіць далёка не ўсе.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя зарплата ў кастрычніку бягучага года ў доларавым эквіваленце складала каля 380 долараў (курс долара ў краіне, нагадаем, імкліва расце і ўжо пераваліў за псіхалагічную адзнаку ў 18 тысяч).
Як паведамляецца на сайце Белстата, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Беларусі ў студзені-кастрычніку 2015 года склала 6 646,5 тыс. рублёў, у тым ліку ў кастрычніку — 6 837,6 тыс. рублёў, і паменшылася ў параўнанні з вераснем бягучага года на 0,4%, або на 25,4 тыс. рублёў. Рэальная заработная плата з улікам інфляцыі паменшылася за год (з кастрычніка 2014 года па кастрычнік 2015 года) на 3,2%. За месяц зніжэнне склала 1,2%.
Хто атрымлівае ў Беларусі больш за ўсіх?
Калі вывучыць афіцыйную статыстыку, можна заўважыць, які вялікі разрыў утварыўся паміж заробкамі ў розных сферах дзейнасці. У цэлым, зарплаты ў прыведзенай Белстатам табліцы здаюцца сярэднімі - ад шасці да дзесяці мільёнаў, чым нікога асабліва не здзівіш. Аднак кідаецца ў вочы розніца паміж, напрыклад, заробкамі ў сферы «вытворчасць коксу, нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў» (каля 12 мільёнаў) і аказанні сацыяльных паслуг, дзе афіцыйная зарплата не дацягвае нават да 4 млн рублёў, або складае крыху больш за дзвесце долараў.
Заробкі вышэй за 10 млн сёння афіцыйна атрымліваюць у наступных сферах: здабыча паліўна-энергетычных карысных выкапняў, вытворчасць коксу, нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў, хімічная вытворчасць, дзейнасць паветранага транспарту, фінансавая дзейнасць, аперацыі з нерухомасцю, дзейнасць па кіраванні холдынгавымі кампаніямі, дзейнасць у галіне архітэктуры і інжынерныя паслугі. Самыя высокія заробкі ў Беларусі ў сферы дзейнасці, звязанай з вылічальнай тэхнікай — тут заробкі падбіраюцца да 30 млн рублёў, прычым за месяц яны не знізіліся, а выраслі з 26,7 да 28,2 млн. рублёў.
Аднак ёсць у Беларусі і зарплаты, якія выклікаюць толькі адно пытанне: «як выжыць на такія грошы?». На жаль, іх атрымліваюць людзі, адказныя за здароўе і адукацыю нацыі, што ўжо стала нядобрай традыцыяй.
У якіх сферах заробкі ў кастрычніку былі ніжэй за пяць мільёнаў рублёў (або менш за трыста долараў у эквіваленце)? Паводле дадзеных статкамітэту, менш за 5 млн зарабляюць у наступных сферах: сельская гаспадарка, паляванне і лясная гаспадарка, рамонт бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання, дзейнасць воднага транспарту, аказанне сацпаслуг, дзейнасць, звязаная з кіна - і відэафільмамі, адукацыя. У сферы аховы здароўя сярэдні заробак склаў 5,5 млн. рублёў, адукацыі — 4,8 млн рублёў. Самая нізкая зарплата ў сацработнікаў. Як адзначалася вышэй, яна складае 3,9 млн. рублёў.
Пры гэтым самыя высокія зарплаты ў кастрычніку склаліся ў Мінску — больш за 9 млн у месяц у сярэднім, і Мінскай вобласці — больш за 6,8 млн рублёў, самыя нізкія — у Віцебскай вобласці (5,8 млн. рублёў).
Абяцанні і рэальнасць
У жніўні бягучага года беларускі прэзідэнт, які ішоў тады на пяты тэрмін, выказаў упэўненасць, што грамадзяне краіны праз год-два будуць зарабляць столькі ж, колькі да крызісу. Які менавіта крызіс маецца на ўвазе, не вельмі ясна: для нашай краіны крызісныя з'явы сталі звыклымі і доўжацца ўжо мінімум чатыры гады. У апошні раз сапраўды высокія зарплаты беларусы атрымлівалі напярэдадні выбараў-2010, аднак чым гэта абярнулася - усе памятаюць. Напярэдадні выбараў-2015 улады не адважыліся на ўключэнне друкарскага станка, каб на расхістваць і без таго нестабільную эканоміку краіны. Калі ж казаць пра обяцанні, то якіх толькі заробкаў не абяцалі беларусам. Аднак пакуль заробкі стабільна падаюць, ды і рэзерваў у эканоміцы для іх росту няма, аплата працы прывязаны да прадукцыйнасці, а апошняй таксама ўзяцца няма адкуль.
Атрымліваецца замкнёнае кола.
БДГ адзначае, што заробкі падаюць у Беларусі трэці месяц запар. Пры гэтым імкліва расце долар, не спыняецца рост інфляцыі, многія вытворчасці працуюць няпоўныя працоўныя дні, расце беспрацоўе.
Дарэчы, у кастрычніку 2014 года сярэдняя зарплата ў Беларусі складала 6 377 912 рублёў, што раўнялася 598,5 долараў у эквіваленце. Ужо тады заробкі ў пераводзе на долары імкліва падалі: калі ў ліпені мінулага года беларусы ў сярэднім зараблялі больш за 629 долараў, то ўжо ў кастрычніку ўзровень упаў на 30 долараў у эквіваленце. Адзначым, што ў кастрычніку мінулага года долар не выходзіў за межы 10 тысяч, у сярэднім ён каштаваў каля 10 600 рублёў.
Такім чынам, за год беларускія заробкі ўпалі ў доларавым эквіваленце больш, чым на 200 долараў.