Памер абавязковага продажу валюты для прадпрыемстваў-экспарцёраў будзе зніжаны
З 1 верасня памер абавязковага продажу замежнай валюты для беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў будзе зніжаны з 30 да 20% ад сумы выручкі ў замежнай валюце.
Такое рашэнне прыняў Нацыянальны банк 1 жніўня "ў рамках правядзення мерапрыемстваў па паэтапнай лібералізацыі валютных адносін", паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.
"Гэтая мера дасць магчымасць узняць інвестыцыйную і дзелавую актыўнасць суб'ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, стане дадатковым крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і будзе спрыяць стварэнню роўных умоў для эканамічных суб'ектаў дзяржаў ЕАЭС па развіцці іх экспартнага патэнцыялу", — адзначаецца ў паведамленні.
Згодна з дзейным у Беларусі заканадаўствам 30% атрыманай валютнай выручкі экспарцёры павінны абменьваць на рублі. Такая сістэма з'яўляецца своеасаблівым страховачным механізмам, які дазваляе дзяржаве забяспечыць стабільную прапанову замежнай валюты на ўнутраным рынку, адзначаюць аналітыкі.
Калі ў канцы 2014 — пачатку 2015 гадоў Беларусь перажывала чарговы валютны крызіс, нарматыў абавязковага продажу валюты быў павялічаны з 30% да 50%. Са стабілізацыяй сітуацыі ён вярнуўся на ранейшы 30-працэнтны ўзровень.
Паводле інфармацыі БелаПАН, стратэгія развіцця фінансавага рынку да 2020 года, якую цяпер рыхтуе Нацбанк, мяркуе адмену абавязковага продажу валютнай выручкі.
БелаПАН