Незалежныя эксперты падвялі эканамічныя вынікі 2012 года ў Беларусі
Навукова-даследчы цэнтр Мізеса і аналітычны цэнтр "Стратэгія" падвялі эканамічныя вынікі 2012 года ў Беларусі. Паводле меркавання незалежных экспертаў, 2012 год стаў годам
"бестурботнага праядання беспрэцэдэнтнага па аб'ёме інтэграцыйнага гранта з Расіі". Яго аб'ём ацэньваецца ў 25–28% беларускага ВУП.
2012 год стаў "годам нафтахімічнага праклёну". "Два прадпрыемствы Беларусі паставілі ўнікальны рэкорд — 48% усяго таварнага экспарту", — адзначаюць эканамісты.
На іх думку, гэты год "не стаў годам макраэканамічнай стабілізацыі з прычыны нізкай якасці працы Нацбанка і Саўміна".
2012 год стаў "годам рэзкага адкату ў бок рэакцыйных, антыпрадпрымальніцкіх практык, дэградацыі інстытута прыватнай уласнасці, абуральнага парушэння правоў рабочых і мінарытарных
акцыянераў".
У гэтым годзе працягвалася "імітацыя мадэрнізацыі — за кошт праядання нацыянальнага багацця і ўцягвання краіны ў даўгавую пятлю".
2012 год "актывізаваў фарміраванне вертыкальна інтэграваных галіновых холдынгаў, якія стануць апорай будучых беларускіх алігархаў", а таксама стаў годам "дынамічнага
будаўніцтва дзяржаўнай і банкаўскай фінансавай піраміды (небяспечна спекулятыўна прывабныя ўклады ў беларускіх рублях), калі цана крэдытаў у нацыянальнай валюце губіла рэальны сектар".
Эксперты назвалі 2012-ты "годам небяспечнай канцэнтрацыі вытворчых і інвестыцыйных шлакаў у выглядзе складскіх запасаў, даўгоў, неплацяжоў, невыкарыстанай ці неэфектыўна выкарыстанай маёмасці
і крэдытных рэсурсаў".
2012 год стаў "годам разбэшчвання незаробленымі даходамі". "Тэмпы росту даходаў былі значна вышэйшыя за тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Іншымі словамі, улады стымулявалі
праяданне абаротнага капіталу і жыццё ў доўг", — лічаць эксперты.
Сёлета "ўлада яшчэ больш аддалілася ад грамадства і ад нацыянальнага бізнесу". "Слабыя дыялогавыя пляцоўкі канчаткова ператварыліся ў фантомы. Распарадчыкі чужога (палітыкі і
чыноўнікі) актыўна рыхтавалі глебу для наменклатурнага перадзелу ўласнасці. Рэзка актывізавалася міжведамасная барацьба. Яшчэ больш рэльефна агаліўся кадравы голад. Уцечка мазгоў і прафесійных
рабочых рэзка абвастрыла стан на рынку працы, пагоршыўшы дэмаграфічны крызіс", — заяўляюць эканамісты.
Паводле іх меркавання, абвастрыліся супярэчнасці паміж патрабаваннямі Мытнага саюза і стандартамі эканамічнай палітыкі Беларусі. "У дзеяннях чыноўнікаў дамінаваў апартунізм і страх. У межах
хутка слабнучай сістэмы беларускага Дзяржплана нельга было не заўважыць рост структурных скажэнняў, на выпраўленне якіх не было ні палітычнай волі, ні адэкватнай экспертнай ацэнкі",
— гавораць эксперты.
"2012 год страчаны як для рыначных рэформ, так і для ўмацавання цяперашняй мадэлі. Ад рэцэсіі Беларусь выратавалі толькі спрыяльныя гандлёвыя адносіны з Расіяй. Лёгкія грошы праз
нафтахімічныя схемы паралізавалі сілу волі і сілу характару ўлады. Яна сваімі рукамі вядзе Беларусь да працяглай рэцэсіі і эскалацыі шэрагу небяспечных тэндэнцый", — робяць яны
выснову.
2013 год будзе яшчэ больш складаным, чым 2012-ты, мяркуюць незалежныя эксперты, у першую чаргу таму, што "ўрад памыліўся з ацэнкай месцазнаходжання Беларусі ў бізнес-цыкле краіны, Еўропы і
сусветнай эканомікі".
Навукова-даследчы цэнтр Мізеса і аналітычны цэнтр "Стратэгія" таксама прадставілі сваю версію пераможцаў у 15 намінацыях па эканамічных выніках 2012 года.
Лепшым органам дзяржкіравання прызнаны Камітэт дзяржаўнага кантролю "за шматлікія доказы нізкай якасці дзяржаўнага кіравання; унёсак у барацьбу са злоўжываннямі і карупцыяй чыноўнікаў;
фактычныя пацвярджэнні тэзіса пра неэфектыўнасць дзяржаўнай уласнасці".
Горшым органам дзяржкіравання стаў Дзяржаўны камітэт па маёмасці "за садзейнічанне нацыяналізацыі; дапамаганне ў парушэнні правоў уласнасці; саўдзел у замарозцы прыватызацыі і парушэнні
дырэктывы № 4 па развіцці арэндных адносін".
Скандалам 2012 года названа нацыяналізацыя кандытарскіх фабрык "Спартак" і "Камунарка", падзеяй года — стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку,
што прадугледжана ўказам прэзідэнта № 253 ад 5 мая.
Правалам года прызнана невыкананне плана і абавязацельстваў перад Расіяй па прыватызацыі дзяржуласнасці на 2,5 млрд. долараў.
Лепшым заканадаўчым актам года названы дэкрэт № 6 ад 7 мая "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці".
Найгоршым — дэкрэт № 9 ад 7 снежня "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці".
Галоўным бенефіцыярам года прызнаны Банк развіцця Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам былога віцэ-прэм'ера Сяргея Румаса.
Ахвярай 2012 года сталі беларускія прадпрыемствы, вымушаныя браць вельмі дарагія крэдыты ў беларускіх рублях.
Тэндэнцыяй года прызнаны рост напружання і дысбалансу на рынку працы: больш як 70 тысяч вакансій і "ўцёкі за мяжу" кваліфікаваных белых і сініх каўнерыкаў.
Загадкай 2012 года стала: "Чаму Аляксандр Лукашэнка прызначыў двух пенсіянераў — свайго памочніка па эканоміцы Пятра Пракаповіча і прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
— адказнымі за правядзенне мадэрнізацыі?"
Бізнес-перспектывай года названы вертыкальна інтэграваны дрэваапрацоўчы комплекс кампаніі "Мебелайн" і "ВМГ Індустры".
Спажывецкім казусам 2012 года прызнаны тэмпы росту закупак свініны з Расіі — 18.090% (са 174 тыс. да 31,4 млн. долараў).
Вытворчым казусам прызнаны продаж легкавых аўтамабіляў у 2012 годзе толькі ў Расію на 559 млн. долараў (за студзень—верасень).
Цытатай 2012 года стала выказванне пасла Францыі Мішэля Рэнеры ў лютым: "Нашы інвестары змаглі канстатаваць, што беларускія чыноўнікі адмаўлялі яўнае, і пасля ўсяго гэтага страцілі давер да
вашага рынку".
Анастасія Янушэўская, БелаПАН