Надзея Ермакова: Нельга ўводзіць выязную пошліну абсалютна для ўсіх

Падобна, што ў вышэйшых эшалонах улады ўсё-ткі здагадваюцца пра шкоднасць і бесперспектыўнасць ідэі ўвядзення выязной пошліны, якая асяніла Аляксандра Лукашэнку. Але немагчымасць адкрыта прызнаць памылку адзінага палітыка прымушае чыноўнікаў даваць каментары адзін абсурдней іншага. 



poszlina.jpg

Нельга ўводзіць выязную пошліну абсалютна для ўсіх. Такое меркаванне выказала старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова сёння падчас анлайн-канферэнцыі і прамой тэлефоннай лініі ў БелТА.

«Трэба пралічыць, для каго менавіта ўводзіць гэтую пошліну. Для тых, хто мае дадатковы даход і не плаціць з яго падаткі, яна, можа быць, і патрэбна. Але гэта трэба пралічыць. Адназначна да гэтага пытання падыходзіць нельга», — адзначыла Надзея Ермакова.

Гучыць як прапанова лячыць зубы праз прамую кішку. Калі ёсць прыбыткі не абкладзеныя падаткам, чаму б не актывізаваць працу падатковай? І якім чынам будуць вызначаць на мяжы, у каго ёсць такія прыбыткі? Як варыянт — пільна глядзець у вочы: у каго забегаюць, з таго і браць пошіну.