АГП пачынае кампанію «Пайшлі на…» супраць увядзення выязной пошліны
Аб’яднаная грамадзянская партыя пачынае кампанію «Пайшлі на…" супраць увядзення пошліны на выезд за мяжу, паведаміў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
«Сутнасць нашай кампаніі — падымаць грамадскае меркаванне супраць гэтай ініцыятывы. Мяркуем, што гэта проста шызафрэнічная ідэя і на яе трэба рэагаваць усімі даступнымі і
магчымымі дзеяннямі, — сказаў Лябедзька. — Мабілізаваць грамадскую думку — гэта галоўная мэта і задача, а механізм і інструменты будуць самыя розныя».
Паводле яго слоў, праца ў межах кампаніі пачнецца ўжо з заўтрашняга дня.
«Гэта будзе і заява палітсавета АГП, і нейкія флэшмобы, і заяўкі на правядзенне пікетаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, і ўлёткі, — сказаў Лябедзька. — Пакуль гэтыя
шызафрэнічныя ідэі яшчэ заканадаўча не аформілі, трэба гэта выкарыстаць. Шанцаў няшмат, але, прынамсі, ёсць магчымасць прыцягнуць увагу і мабілізаваць грамадскую думку супраць гэтага».
belapan.com