«Метр жылля за месячны заробак»: калі мара спраўдзіцца?
Кошт квадратнага метра жылля — адзін з мэтавых параметраў, да якога беларуская сацыяльна арыентаваная эканоміка ўвесь час імкнецца, але ніяк не дасягае. Ва ўяўленні ўрада суадносіны сярэдняй заработнай платы і кошту квадратнага метра жылля павінны быць роўныя. Аднак…
Як можна ўбачыць са звестак Белстата, у 2022 годзе гэты паказчык змог наблізіцца да жаданага ідэалу толькі на тры чвэрці: тады пры сярэднім заробку ў 1,6 тыс рублёў і сярэднім кошце метра ў 2,2 тыс сярэдні беларус магу сабе дазволіць 0,75 м2 агульнай плошчы жылля. Гэта пры ўмове накіравання ўсяго заробку на набыццё жаданай уласнасці, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
З аднаго боку, карціна няважная, але дастаткова паглядзець углыб на дзясятак гадоў таму і ўбачыць, што гэты паказчык быў раней адчувальна горшы. Так, напрыклад, у 2010 годзе сярэдняга заробку не хапала і на палову кошту квадратнага метра. Рост суадносін заробкаў і кошту жылля пачаўся, што цікава, пасля 2020 года, і на гэта ёсць шэраг прычын.
Па-першае, на жыллёвы рынак паўплываў ад'езд адчувальнай колькасці беларусаў. Хтосьці з'ехаў часова, а хтосьці прыняў рашэнне перабрацца за мяжу назаўжды. Следам за цэнтрам жыццёвых інтарэсаў перамяшчаецца і жыллёвае пытанне, для вырашэння якога жыллё ў Беларусі прадаецца. Верагодна, калі б не праблемы, звязаныя з міжнароднымі пераводамі і санкцыямі ў беларускіх банках, частка ўласнікаў аддала перавагу арэндзе.
Па-другое, беларускую эканоміку зноў запаўняюць грашыма. Прычым калі большасць краін развітога свету рабіла гэта ў перыяд пандэміі, наш урад пачаў напампоўку ўслед за хваляй росту цэн, якая рушыла пасля лютага 2022 года. Гэта пацягнула за сабой прыкметны рост заробкаў.
Вынікам дзеяння гэтых фактараў стала тое, што ўпершыню за доўгі час мара аб роўнасці заробку і квадратнага метра жылля змагла ажыццявіцца ў Гомельскай вобласці. Прынамсі, статыстычна. Тут у 2022 годзе сярэдні заробак склаў 1,41 тысячы рублёў, а кошт жылля 1,39 тысячы.
На другім канцы гэтага рэйтынгу традыцыйна сталіца. Тут, нават нягледзячы на самыя высокія заробкі ў краіне, на сярэднюю намінальную заработную плату можна дазволіць сабе толькі 0,7 м2 жылля. Хоць і гэта своеасаблівае дасягненне, бо дзесяць гадоў таму аналагічныя суадносіны давалі толькі 0,4 кв.м.
У жыллёвай тэме, і асабліва ў тэме кошту жылля, яго даступнасці, ёсць вельмі шмат «але». Гэта і льготныя крэдыты, і чарга з маючых патрэбу, і ведамасныя будоўлі. Усё гэта да крайнасці скажае паказчыкі будаўнічага рынку, аддаляе яго ад чыста рынкавых механізмаў. У адрозненне ад іншых сфер эканомікі тут дзяржава была адна ў трох асобах. Яна выступае і як найбуйнейшы забудоўшчык, і як найбуйнейшы заказчык, і як рэгулятар.
У выніку жыллё грае ўсё больш сацыяльную ролю. Чарга, крэдыты, арэнднае або ведамаснае жыллё робяць людзей закладнікамі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, узмацняючы патэрналісцкія настроі.