Кожны чацвёрты рубель — наяўны. Так выглядае праца друкавальнага станка

За чэрвень наяўных грошай у эканоміцы Беларусі стала на 382 млн руб. больш. Іх доля ў шырокай грашовай масе (усіх грошай, якія працуюць у эканоміцы) цяпер складае 12,8%. Такі высокі аб'ём наяўных назіраўся ажно 15 гадоў таму, бо з тых часоў беларусы прывыклі да разлікаў у безнаяўнай форме, заўважае тг-канал «Нашы грошы».

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3_.jpg

Рэзкі рост наяўных грошай у абароце пачаўся з лютага мінулага года. Параўнайце, калі за ўвесь 2021 год эканоміка папоўнілася наяўнымі грашыма на 500 млн, то ў 2022 годзе ўжо на 1,9 млрд рублёў. Гэты год абяцае новыя рэкорды, бо толькі за студзень-чэрвень рост наяўных склаў 2,2 млрд рублёў.

У 2021 годзе грашовая маса штомесяц у сярэднім прырастала 42 мільёнамі наяўных, у 2022 годзе штомесячны рост ужо склаў 158 мільёнаў. А ў бягучым годзе кожны месяц у сярэднім у эканоміцы з'яўлялася па 300 мільёнаў наяўных.

У выніку сёння кожны чацвёрты Беларускі рубель у эканоміцы прадстаўлены ў наяўнай форме.

Усё гэта суправаджаецца ростам грашовай масы і нясе шэраг праблем. Самае відавочнае — рост інфляцыі. Па сутнасці, менавіта так выглядае ўключаны друкаваны станок, які плодзіць незабяспечаныя грошы.

Пакуль інфляцыя ў Беларусі стрымліваецца, прычым не натуральным, а адміністрацыйным чынам — за чэрвень яна адзначыла гістарычны мінімум у 2,86% гадавых. Але так будзе не заўсёды. Пакуль нарастаючы інфляцыйны ціск у нас не пераходзіць у рост цэн шырокім фронтам — дзякуючы цэнаваму кантролю, адзначаюць спецыялісты даследчага цэнтра BEROC у чарговым экспрэс-аналізе сітуацыі ў эканоміцы Беларусі.

Зразумець, якой прыблізна з'яўляецца інфляцыя ў Беларусі насамрэч, можна праз  «нерэгуляваныя паслугі» — цэны на паслугі, якія не падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне. І ў гэтых «нерэгуляваных паслугах» у нас рост цэн застаўся набліжаным да 10%. То-бок гэта можа быць і сапраўднай беларускай інфляцыяй. Паводле экспертаў, бліжэй да канца гэтага года інфляцыя пачне разганяцца. Чакаць гэтага можна недзе ў кастрычніку. 

Але акрамя інфляцыі ў павелічэнні аб'ёма наяўных грошай  ёсць і іншыя наступствы. Гэта сігналізуе пра рост шэрага рынку, ценявога абароту, зніжэнне падатковых паступленняў. У рэшце рэшт вялікі аб'ём наяўных у эканоміцы сігналізуе аб тым, што яна нездаровая, а гэта зніжае яе інвестыцыйную прывабнасць. Хоць трэба прызнаць, што праблемы дрэннага іміджу для ўрада цяпер відавочна не галоўныя.